Знакамітыя слуцкія паясы сёння выставяць у Нацыянальным мастацкім музеі

8 мая 2013

Вытканыя з залатых і сярэбраных нітак іх нават пераплаўлялі на каштоўныя металы! Знакамітыя на ўвесь свет слуцкія паясы сёння выставяць у Нацыянальным мастацкім музеі. Чатыры  шэдэўры ткацтва канца XVIII - пачатку XIX стагоддзя роўна на год прыбылі са  збораў Львова. Творы ручной  работы не паўтараюцца, не маюць левага боку, усе бакі з'яўляюцца правымі. З раслінным арнаментам і пышнай аблямоўкай гэты элемент адзення  насілі выключна мужчыны. Пояс завязваўся на вопратку, і да яго мацавалася зброя.
Вернісаж пройдзе ў партрэтнай галерэі Радзівілаў, бо менавіта прадстаўнікі гэтага  роду і арганізавалі вытворчасць паясоў у Слуцку на манер персідскіх. Акрамя шэдэўраў ткацтва, са Львова прыбыў яшчэ і 61 партрэт уладароў, магнатаў Вялікага Княства Літоўскага  і Рэчы Паспалітай.