Знакамітаму песняру 20 стагоддзя - Уладзіміру Мулявіну - сёння споўнілася б 75 гадоў

12 января 2016

Музыкант, спявак і заснавальнік легендарнага ВІА "Пясняры", ён стаў першапраходцам у жанры фолк-рока. Слава гэтага ансамбля можа параўнацца хіба толькі з брытанцамі "Бітлз". Беларускія бітлы - яны ж "Пясняры" - заявілі аб сабе сучаснымі апрацоўкамі беларускага фальклору. Да Мулявіна гэтага не рабіў ніхто. У дзень памяці Уладзіміра Георгіевіча ў Белдзяржфілармоніі далі канцэрт. Падрабязна пра вечар-прысвячэнне ў рэпартажы Ніны Мажэйкі.

У фае Беларускай дзяржаўнай філармоніі не прабіцца. На канцэрт памяці Уладзіміра Мулявіна прыйшлі яго калегі па сцэне. А шматлікія не прыйшлі, бо прыхільнікі творчасці легендарнага музыканта і спевака жывуць па ўсім свеце. Маштабы славы "Пясняроў" былі не проста ўсесаюзнымі - сусветнымі.

Мулявін у нейкім сэнсе кананізаваў беларускі фальклор. Прычым ва ўласцівай манеры - фатальнай. Сам жа музыкант называў гэты стыль фолк-біт. Творчыя камандзіроўкі на тое ж Палессе ўсім калектывам займалі не адзін дзень. Калектыў калясіў па краіне ў пошуках народных мелодый. Нярэдка паэтычнай асновай сваіх песень Мулявін рабіў вершы і маладых беларускіх аўтараў.

Гэтыя людзі добра памятаюць Уладзіміра Георгіевіча - сучаснікі. Ды і сцены грамадзянскага храма музыкі - філармоніі - былі відавочцамі ўзыходжання Мулявіна.

Дарэчы, і сама філармонія стаіць на бульвары імя знакамітага песняра 20 стагоддзя. У складзе шматлікіх канцэртных брыгад філармоніі Мулявін працаваў, пачынаючы з 60-х. Штурмаваў Мінск. Тут нарадзіліся "Лявоны", якія крыху пазней стануць вядомымі на ўвесь свет "Песнярамі".

Канцэрт-прысвячэнне пясняру не мог праігнараваць і Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да гледачоў, але не асабіста - праз пасланне.

Упершыню ў філармоніі аўтарскі канцэрт Мулявіна, які цалкам складаецца з яго твораў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра. Майстар пайшоў, але пасля яго засталіся ноты… Апошняя з якіх яшчэ не прагучала.