Маляўнічы open-air - у самым сэрцы сталіцы

26 мая 2016

Сёння на плошчы Якуба Коласа адкрылася выстава Валянціна Губарава. Беларускі майстар пэндзля - адзін з самых запатрабаваных і прадаваных у Еўропе. За іранічныя і няхітрыя сюжэты яго назвалі самым смешным мастаком сучаснасці. Ці не пашкодзяць палотны вулічныя ўмовы экспанавання - раскажа Іна Пілевіч.

Выхад з метро зараз вядзе ў музей. Кожны, хто сёння ў гадзіну пік высадзіўся на плошчы Якуба Коласа, мімаволі трапіў на вернісаж. Побач з помнікам майстру беларускага слова зараз стаяць і працы майстра пэндзля. Творы сучасніка Валянціна Губарава выстаўленыя на агляд мільёнаў. Хай і рэпрадукцыі.

Фарба на гэтых палотнах не размакае ад дажджу і не выліньвае на сонцы. Спецыяльна для паказу пад адкрытым небам карціны раздрукаваныя на вініле. Ён у сваю чаргу замацаваны на жалезных канструкцыях, якія не баяцца шквалістага ветру.

30 рэпрадукцый суправаджаюцца тэкставым апісаннем на трох мовах - беларускай, рускай, англійскай. Тут і фатаграфіі, і біяграфія майстра. За наіўныя сюжэты заходнія мастацтвазнаўцы назвалі Валянціна Губарава "беларускім Брэйгелем". Недарэчныя і смешныя вобразы ў яго выкананні спадабаліся замежным калекцыянерам. Французская галерэя заключыла з аўтарам кантракт, а аўкцыён "Крысціс" выстаўляе карціны Губарава на таргі.

Валянцін Губараў, мастак: "Гэта самыя звычайныя людзі ў самым звычайным жыцці, але я жадаю вось гэтую звычайнасць давесці да ўзроўню здзіўлення ў гледача. І нават звычайны збор ураджаю бульбы ператвараецца ў такі ж мастацкі праект, як зараз на плошчы Якуба Коласа".

Беларускіх мастакоў ва ўмовах адкрытай вулічнай прасторы прэзентуюць ужо пятую вясну. Пачыналі з класікаў - Шагала і Малевіча. А вось сучасніка выстаўляюць упершыню.

Маляўнічы open-air расцягнецца на ўсё лета. Дарэчы, ацаніць наіўны жывапіс Валянціна Губарава ў Мінску можна і ў арыгінале. Для гэтага трэба праехаць некалькі прыпынкаў ад вулічнай экспазыцыі да Цэнтра сучасных мастацтваў.