Жыхарка Гомеля стварае незвычайныя капелюшы і адзенне без адзінага шва і іголак

31 августа 2019

Інжынер-праекціроўшчык па прафесіі і мадэльер па прызванні. Жыхарка Гомеля стварае незвычайныя капелюшы і адзенне без адзінага шва і іголак. Сярод матэрыялаў - толькі натуральныя тканіны, у асноўным беларускай вытворчасці. І ўсё запраўлена творчай інтуіцыяй. Гэта формула поспеху дапамагла майстру стаць пераможцай міжнароднага фестывалю ў Францыі. Цяпер Вольга Шуліко рыхтуе работы на Лонданскі тыдзень моды. За творчым працэсам назірала Ганна Кавалёва.

На адзін такі галаўны ўбор можа спатрэбіцца 150 метраў атласнай стужкі. Увогуле, у творчай спадчыне Вольгі Шуліко - больш за сотню незвычайных капелюшоў. Моднае хобі захапіла гамяльчанку 6 гадоў таму. Убачыўшы чужую работу з халоднага батыку, жанчына вырашыла стварыць нешта сваё. А праз год у сталіцы ў яе была ўжо першая выстава.

Незвычайныя формы Вольга прыдумвае сама. І за 6 гадоў яе стыль стаў пазнавальным, здымкі вобразаў друкуюцца на старонках модных часопісаў. Увогуле, сёння яна з’яўляецца ўдзельніцай міжнародных паказаў і выставачных пляцовак у Беларусі і Еўропе. 

А гэты дыплом - заваяваны ў Францыі - на міжнародным фестывалі капелюшоў. Сярод майстроў ручнога лямцу лепшай стала менавіта Вольга. Цяпер яе мадэль будзе экспанавацца на радзіме моды.

Сярод удзельнікаў былі мадэльеры з 20-ці краін. І ўпершыню за ўсе 25 гадоў гісторыі конкурсу перамогу ў ім атрымала Беларусь. Майстроў журы разглядала ў 8-мі намінацыях. Вольга змагалася за перамогу ў трох з іх. Сярод яе конкурсных работ былі капелюшы з арганзы, беларускага лёну і натуральнай воўны мерыносавай авечкі.

Майстар таксама выкарыстоўвае шоўк, аксаміт, крэналін і сінамэй - тканіну з натуральных пальмавых валокнаў. Але менавіта шэрсць найбольш віртуозна паддаецца рукам Вольгі. З гэтага матэрыялу майстар стварае не толькі капелюшы, але і адзенне. Жакеты і спадніцы - без адзінага шва. Такія вобразы Вольгі ўдзельнічалі ў паказах беларускіх дызайнераў.

Самая вялікая мара Вольгі - прадэманстраваць свае работы на тыдні моды ў Лондане, які пройдзе вясной наступнага года. Дарэчы, ужо зараз майстар рыхтуе новыя вобразы для ўдзелу ў дзвюх намінацыях.