Завершана серыя праекта "Культура Беларусі"

4 октября 2016

Год культуры ў Беларусі працягваецца шматлікімі прэзентацыямі. Завершана серыя праекта "Культура Беларусі". Святло ўбачыў трохтомнік, прысвечаны Францыску Скарыне. І самы ўнікальны альбом "Беларускія народныя музычныя інструменты", прэзентацыя якога пройдзе сёння ў Мінску.

Падрабязней - Наталля Бардзілоўская. Басэтля, бразготка, акарына і ліра... На сотнях старонак - гісторыя беларускай народнай музыкі. Даследаванні - са шматгадовых этнічных экспедыцый і манаграфій музыказнаўцаў розных пакаленняў. Зрэшты, для Беларусі гэта першае выданне, у якім сакумуліраваны ўсе веды пра нацыянальную выканальніцкую культуру. Тэорыя і практыка ў абагульненні: складальнікі кнігі карысталіся інфармацыяй майстроў, што ад продкаў захоўваюць сакрэты вырабу народных інструментаў. Аўтары ўлічылі і меркаванні музыкантаў, якія па практыцы ведаюць тонкасці інструментарыя.

Ахоплены ўсе рэгіены Беларусі. У кнізе і вопыт фальклорных форумаў: "Звіняць цымбалы і гармонік", які сёлета адсвяткаваў чвэрць веку і "Дударскага фэсту". У новым выданні - фота з музейных экспазіцый і ўнікальных калекцый прыватнікаў.

180 здымкаў прадстаўляюць каля 200 тыпаў і мадыфікацый музычных інструментаў. І тут іх можна не толькі ўбачыць, але і пачуць. У кнігу ўкладзены музычны дыск, у ім - прэзентацыя гучання народных інструментаў лепшымі выканаўцамі Беларусі.

Нацыянальная музыка, як тэма ўвайшла і ў шматгадовы і завершаны сёння праект. Серыя энцыклапедый "Культура Беларусі" - апошні, шосты том, толькі-толькі ўбачыў свет. Сярод кніжных навінак - і трохтомнік, прысвечаны 500-годдзю кнігадрукавання. "Францыск Скарына" - асветніцкае выданне зроблена сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай.

Новыя выданні "Беларускай энцыклапедыі" маюць невялікі тыраж. Так, напрыклад, альбом-даведнік "Народныя музычныя інструменты" выйшаў колькасцю тысяча экзэмпляраў.