"Ювелірнае мастацтва Кітая" - выстава ў галерэі "Універсітэт культуры"

19 апреля 2022

Трыццацігоддзе ўстанаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін. У Мінску стартавала праграма мерапрыемстваў, якія знаёмяць беларусаў з культурнымі традыцыямі Паднябеснай і найлепшымі сучаснымі майстрамі. Адзін з праектаў - "Ювелірнае мастацтва Кітая" - выстава, якая адкрылася ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры". Наталля Бардзілоўская ўбачыла экспазіцыю.

Камерная - усяго пяць вітрын, але вельмі дарагая: у грашовым эквіваленце экспазіцыя прадметаў з каштоўных металаў і камянёў  немалы скарб! Усё натуральнае: золата, серабро, жэмчуг, гранат, агат і лазурыт. Па зборы гэтых аздабленняў можна даваць урокі гемалогіі (навукі пра камяні і мінералы), а таксама атрымаць уяўленне пра сучасны почырк кітайскіх ювеліраў. Гісторыя ж ювелірнага мастацтва Паднябеснай налічвае пяць тысячагоддзяў.

Джан Дзінь, мастак-ювелір (Кітай):

Ювелірнае мастацтва ў маёй краіне трактуецца зусім не так, як, напрыклад, у Еўропе і іншай заходняй традыцыі. Мы робім не проста аздабленні ці сувеніры, кожная рэч нясе энергетычны, філасофскі зарад і быццам бы праграміруе ўладальніка ювелірнай рэчы на той ці іншы настрой, стан - фізічны і псіхалагічны. Ёсць камяні ўдачы, ёсць тыя, якія спрыяюць добраму здароўю і сілам, тыя, што прыцягваюць каханне. Мы прадстаўляем глыбокія сэнсы, закладзеныя ў разнастайныя мастацкія формы.

Джан Дзінь - аўтар выставы - не проста экспануе ў Мінску сваю творчую калекцыю. Госця з Кітая навучаецца ў  Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, больш дакладна, яна абараняе кандыдацкую дысертацыю на кафедры культуралогіі нашай ВНУ. Мастачка ўдасканальваецца не толькі як рамеснік, але і пашырае навукова-даследчыцкі кругагляд. Падтрымаць майстра ў яе выставачным праекце з Пекіна ў Мінск прыехаў яе муж, таксама ювелір.  

Чжаа Сюэчжун, мастак-ювелір (Кітай):

Ювелірныя вырабы, якія мы прапанавалі на выставе, паказваюць традыцыйную кітайскую ручную разьбу па камяні і сучасную апрацоўку каменя тэхналогіяй 3D. Таксама мы дэманструем самыя папулярныя, модныя цяпер матэрыялы - гэта жадэіт і нефрыт.

Царом камянёў у Кітаі лічыцца нефрыт. Гэты цвёрды, паўпразрысты матэрыял, які сімвалізуе мудрасць і вечнасць, зямлю і нябёсы кітайцы шануюць больш за серабро і нават золата! Тут, на выставе, рэчам з нефрыту прысвечана асобная вітрына, у ёй традыцыйныя прадметы будысцкай тэматыкі, аздабленні, амулеты, фігуркі рэлігійнага зместу, філіграннае пляценне і знакамітая пекінская эмаль, роспіс і разьба па камені. Вядома, гэтая падборка - толькі частка таго, што могуць прадэманстраваць ювеліры Кітая. Персанальны погляд на прафесію ад тандэма Дзінь-Сюэчжун.

Паглядзець на ювелірную прыгажосць па-кітайску можна будзе да канца красавіка.