Юбілей адзначае Навум Гальпяровіч

14 января 2018

Юбілей сёння адзначае журналіст, паэт і галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч. 70-годдзе мэтр публіцыстычнага жанру, уладальнік медаля Францыска Скарыны сустракае на пасадзе медыябоса.

Ужо 13 гадоў Навум Якаўлевіч узначальвае адзіную радыёстанцыю ў краіне, якую ловяць па ўсім свеце. Гальпяровіч - выпускнік Віцебскага педагагічнага інстытута, а зараз сам выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Літаратурны дэбют Навума Якаўлевіча як паэта адбыўся ў 67-м годзе ў наваполацкай газеце "Хімік". Сёння на рахунку мэтра больш за дзясятак кніг, яго творы перакладзеныя на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англійскую і іншыя мовы. А музыку на вершы Гальпяровіча напісалі масцітыя кампазітары Эдуард Зарыцкі, Уладзімір Буднік, Валерый Іваноў, Алег Елісеенкаў, Алег Сямёнаў. Акрамя таго, Навум Гальпяровіч рэалізаваўся ў амплуа тэлевядучага ў праграме "Дыя@блог. Пра мову" на канале "Беларусь 3".