У Беларусі сабраліся 5 дзясяткаў лыжных акрабатаў з 9 краін

21 февраля 2020
Смеласць, грацыёзнасць і спартыўнае майстэрства. Усё гэта заўтра спатрэбіцца ўдзельнікам этапу Кубка свету па фрыстайле, які пройдзе ў нашых Раўбічах. У Беларусі сабраліся 5 дзясяткаў лыжных акрабатаў з 9 краін. Да нас прыехалі лідары. Сёння ўдзельнікі правялі трэніроўкі. А ў арганізатараў свае клопаты. Надвор'е ўносіць карэктывы. Апошнія навіны з Раўбіч у Крысціны Камыш.

Разганяецца Павел Дзік. Ён максімальна сканцэнтраваны на трэніроўцы. Не прайшоў нават тыдзень, як беларус стаў бронзавым прызёрам на этапе Кубка свету па фрыстайле ў Маскве. Гэта першы сур'ёзны медаль у кар'еры. Цяпер трэба годна выступіць дома.

Этап Кубка свету для Раубіч далёка не першы. Эліта фрыстайла любіць прыязджаць да нас. Свае наймацнейшыя саставы заявілі кітайцы, швейцарцы, расіяне. Разам амаль паўсотні атлетаў з дзевяці краін. За суткі да старту спаборніцтваў схіл выглядае вось так. Каб захаваць у ідэальным стане зоны разгону і прызямлення, фрыстайлісты скарацілі час трэніровак. Але гэта вельмі маленькая цана за тое, што этап Кубка планеты не прыйдзецца ні адмяняць, ні пераносіць. 

Адразу тры важныя падзеі прымае спартыўны комплекс “Раўбічы”. Акрамя этапу Кубка свету па фрыстайле, тут адбудуцца чэмпіянат Еўропы па біятлоне і Кубак IBU. Падрыхтаваць трасу належным чынам ва ўмовах тэмпературных рэкордаў няпроста. 16 снежных гармат не ўключалі цэлы тыдзень. Штучны снег яны вырабляць, калі слупок тэрмометра апускаецца да мінус трох, а гэты тыдзень выдаўся анамальна цёплы для лютага. Нават калі нябесная канцылярыя не радуе, знойдзецца той, хто падтрымае. З лыжнай трасы ў Вяснянцы, якая належыць футбольнаму клубу "Мінск", павезлі частку снегу. Нягледзячы на іранічныя каментарыі ў інтэрнэце, лыжнікі разумеюць: Раўбічам снег больш патрэбен зараз. 

Стратэгічны аб'ект - Заечая Паляна. У цяністым лясным масіве засяроджаны снежны рэзерв для Раўбіч. Яшчэ сёння тут праходзілі спаборніцтвы “Снежнага снайпера”. Але ў выпадку форс-мажору снег перавязуць у спарткомплекс. Зручна будзе і аматарам, і балельшчыкам падчас этапу Кубка свету па фрыстайле. Для іх арганізаваны экспрэсны маршрут нумар 449, які будзе курсіраваць ад станцыі метро “Барысаўскі тракт” у Раўбічы і зваротна. Спаборніцтвы пачнуцца ў суботу а 14 гадзіне. Гэта старт кваліфікацыі. А фіналы адбудуцца а сёмай гадзіне вечара. На нядзелю запланаваны спаборніцтвы па сінхронных скачках.