Выстава беларускіх абразоў з трыумфам прайшла ў Ватыкане

1 августа 2016

Каля 30 тысяч наведвальнікаў штодня і спісаная кніга водгукаў. Выстава беларускіх абразоў з трыумфам прайшла ў Ватыкане. Мабыць, гэта адзін з самых маштабных і паспяховых праектаў Года культуры, аб'яўленага ў нашай краіне. На працягу двух месяцаў выявы святых дэманстраваліся ў адной з карцінных галерэй Ватыкана і зрабілі сапраўдную сенсацыю. Сёння абразы былі распакаваны ў сценах ужо роднага музея. А значыць, іх рыхтуюць да вялікай выставы ўжо ў Мінску. Калі? Ведае Іна Пілевіч.

У кожнай скрынцы захоўваецца вось такі ўпаковачны акт, у якім адзначана, якія абразы тут знаходзяцца. Згодна з гэтым спісам усё дастаём са скрыні.

У пальчатках і без рэзкіх рухаў. Іх распакоўваць са «спіны», каб лязом выпадкова не пашкодзіць "твар". Беларускія іконы захутаны ў паперу, паралон і кардон. Шматслойнасць стварала эфект падушкі і абараняла нацыянальныя каштоўнасці ад пашкоджанняў падчас транспарціроўкі праз усю Еўропу.

З Ватыкана на радзіму іконы вярнуліся яшчэ ў пятнічны вечар. Але музейшчыкі распакоўваюць іх толькі сёння. Справа ў тым, што скрыням спецыяльна далі час адстаяцца, каб прадметы ўнутры іх змаглі акліматызавацца – прынялІ тэмпературу навакольнага асяроддзя. На аглядзе ў рэстаўратара 31 ікона і 2 чаканныя аклады. Самы старажытны экспанат датаваны 17 стагоддзем. Апроч іх з сэрца хрысціянскага свету даставілі і кнігу водгукаў выставы.

Беларускае сакральнае мастацтва на працягу 2 месяцаў знаходзілася па суседстве са знакамітай Сікстынскай капліцай з роспісамі Мікеланджэла. Знаходзячыся з афіцыйным візітам у Італіі і Ватыкане, беларускі лідар не мог не наведаць выставу скарбаў сусветнай культуры. Нашы абразы сталі адкрыццём для турыстаў з розных куткоў свету, бо спалучаюць ў сабе традыцыі каталіцкага Захада і праваслаўнага Усходу. Тут табе і рэнесанс, і барока, і ракако. Арганізатары праекта падбіралі экспазіцыю так, каб паказаць розныя біблейскія сюжэты і розныя тэхнікі майстроў.

Трыумфальную выставу пакажуць і ў Мінску. Вернісаж запланаваны на верасень, праўда, у пашыраным фармаце. Таксама на агляд будуць прапанаваны яшчэ і алтарны жывапіс, літургічныя прадметы, іконы, якія не змаглі выехаць у Ватыкан з-за вялікага памеру.

У цэлым ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея сёння налічваецца каля пяці соцень беларускіх жывапісных выяў святых. Некаторыя з іх знаходзяцца на рэстаўрацыі. Амаль з дзясятак прадметаў нідзе раней не выстаўляліся і нават не ўведзены ў навуковы абарот. Таму ў хуткім часе - прэм'ера ад музейшчыкаў.