Уся кніжная спадчына Радзівілаў зараз і ў электронным варыянце

22 ноября 2017

Маштабны праект аблічбоўкі і стварэння віртуальнай калекцыі старадрукаваных рарытэтаў падрыхтавала Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі. Унікальная калекцыя створаная ў мэтах захавання і даступнасці шырокаму колу. Што чыталі Радзівілы - убачыла Наталля Бардзілоўская.

100 радзівілаўскіх старадрукаў ляглі пад сканар алічбоўкі. Кожны з дакументаў абаронены спецыяльнымі сродкамі інтэрнэт-аховы, але даступны для любога чытача ў любым месцы свету. Віджэт "Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў" - для Прэзідэнцкай бібліятэкі першы буйны праект віртуальнай рэканструкцыі.

Падарункавы экзэмпляр - шэсць дыскаў з алічбаванай бібліятэкай. Першы, хто атрымаў унікальную падборку, - Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік у Нясвіжы. Асобны экзэмпляр трымаюць для саміх Радзівілаў: на пачатку будучага года ў Мінск плануе прыехаць нашчадак славутага роду Мацей Радзівіл. Летам 2016-га ён удзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі, дзе прымалася рашэнне аб вяртанні бібліятэк Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку - у электронным выглядзе. Акурат сёння мы патэлефанавалі ў Варшаву, каб парадаваць пана Мацея прыемнай навіной!

Рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры. Адзінкі найбуйнейшай прыватнай бібліятэкі Еўропы раскіданыя амаль па ўсім свеце - Расія, Фінляндыя, Польшча, Літва. Немалой калекцыяй валодае Беларусь.

Радавую бібліятэку ў Нясвіжы пачаў фарміраваць Мікалай Радзівіл Чорны: 16-е стагоддзе - кнігі ў збор ішлі з самой Еўропы! Фонд значна ўзбагаціўся пры сыне заснавальніка - Мікалаі Хрыстафоры Сіротцы. У 18-м стагоддзі кнігазбор сям’і налічваў больш за 20 тысяч адзінак. Былі і страты: у 1771 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, у Вялікую Айчынную кнігі трапілі ў Германію і толькі часткова пасля вайны вярнуліся ў Беларусь. Іх захавальнікі сёння - Нацыянальная бібліятэка, бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук і Прэзідэнцкая бібліятэка.

Самі рарытэты - у аддзеле старадрукаў і рэдкіх кніг. Экзэмпляры 18 - пачатку 20 стагоддзяў. Найстаражытнейшая - "Граматыка" 1776 года выпуску друкарні Маскоўскага ўніверсітэта.

Нясвіжская бібліятэка разам яшчэ амаль з 200 унікальнымі аб'ектамі з усёй планеты ўваходзіць у сусветны рэгістр ЮНЭСКА "Памяць свету".