"Веснавы фэст" аб'яднаў аматараў народных традыцый - раскажам, як гукалі вясну ў Вязынцы

11 апреля 2024

Вязынка збірае сяброў. Абрадавае свята "Веснавы фэст" стала месцам прыцягнення для аматараў народных традыцый. Кожны год філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы запрашае гасцей гукаць вясну. Сёлета інтэрактыўнае свята прайшло ў новым фармаце.

Карагод эмоцый і ўражанняў - у рэпартажы Ганны Загародняй.

Амаль 10 гадоў запар у Вязынцы гукаюць вясну. Сумесны праект ладзяць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Наведвальнікі прыязджаюць сюды па эмоцыі, каларыт і знаёмства з культурай продкаў. Данііл Кабакоў удзельнічае ў мерапрыемстве не ўпершыню, аднак сёлета вырашыў паклапаціцца і пра дрэс-код.

Данііл Кабакоў:

Першы раз удзельнічаю ў мерапрыемстве ў народным строі. Раней я быў у простай вопратцы, але мне захацелася, як кажуць зараз, атрымаць экспірыенс. Таксама я ўзяў рушнік маёй прабабулі і ў яго завярнуў бутэрброды, таму што раней калі людзі кудысьці збіраліся, менавіта ў рушнікі яны загортвалі ежу. 

І калі ў папярэднія гады ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку вясной аднаўлялі толькі адзін абрад, то сёлета на ім не спыніліся і пайшлі далей.

"Веснавы фэст" аб'яднаў адразу некалькі абрадаў і традыцый: ад гукання вясны да велікоднага дня. Наведвальнікі змаглі не толькі стаць сведкамі, але і паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей.

Усе абрады цесна пераплецены з танцамі і песнямі. Дарэчы, рэпертуар не выпадковы, гэта вынік экспедыцыйных практык. І такія мерапрыемствы спрыяюць папулярызацыі абрадавых песень і народнай музыкі, а таксама дазваляюць захаваць культуру і традыцыі.

Усім вядомы карагод - самы старажытны танец. Першапачаткова ён быў часткай абраду пакланення богу Сонца Ярылу. Карагод трывала замацаваўся ў славянскай культуры на многія стагоддзі, аднак не многія ведаюць, што гэта не проста хаджэнне па крузе. 

Настасся Глушко, прадстаўнік Студэнцкага этнаграфічнага таварыства:
Мы прывыклі бачыць карагоды кружком, а ёсць карагод, які называецца "крывы танок", напрыклад, на Палессі. Гэта карагод, які водзіцца рознымі фігурамі, закручваецца. Тут дзяўчаты рабілі таксама карагод "качан", калі ўсе разам закручваюцца спіраллю.

Дарэчы, "таптанне зямлі" мае глыбокі сэнс у вясновых абрадах. 

Дзіяна Кавалевіч, загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: 

Звычайна нашы продкі гукалі вясну. Каб вясна прыйшла хутчэй, яны збіраліся на гары, выбіралі самае вялізнае месца ў вёсцы і там збіраліся ўсёй вёскай. І яны гукалі вясну, спявалі веснавыя песні, таксама тапталі зямлю, каб яна была мяккая, каб яна сагрэлася.   

На святочным кірмашы наведвальнікі маглі набыць сувеніры, але ніхто не перашкаджаў зрабіць іх сваімі рукамі. Сыраварства, роспіс яек, кераміка, выраб вясновых птушак і букетаў з вярбы - усё гэта прапаноўваў шчодры фестываль.

Вязынка заўсёды збірае сяброў і рыхтуе для іх каларытныя святы. "Веснавы фэст" абудзіў прыроду і натхніў арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю на смелы крок у паэтычнае лета.