У цэнтры Мінска на плошчы Перамогі гучалі валынкі

7 февраля 2017

Літаральна за некалькі кіламетраў ад вучэнняў, таксама ў цэнтры Мінска, на плошчы Перамогі гучалі валынкі. Так прадстаўнікі Другога Каралеўскага палка Ірландыі суправаджалі пасла Вялікабрытаніі, якая ўсклала кветкі да манумента ў знак павагі да герояў Вялікай Айчыннай. Па сутнасці музыкантаў сёння таксама можна смела назваць героямі, бо даніну памяці нашым воінам яны вырашылі аддаць па ўсіх правілах і ў лепшых ірландскіх традыцыях. Нягледзячы на моцны мароз, валыншчыкі ігралі ў малых кілтах, лёгкіх куртках-дублетах, гольфах да каленяў.

Фіённа Гіб, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі: "Для мяне гэта першы раз, што брытанскія вайскоўцы іграюць для Мінска. І для мяне гэта важны сімвал нашага сяброўства і ўзаемнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй".

Музыканты сёння паказалі сваё майстэрства і на вечары-канцэрце ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Госці з Вялікабрытаніі выступілі разам з аркестрам Узброеных сіл Беларусі. Заўтра ірландскія музыканты выступяць на адкрыцці Міжнароднага мінскага кніжнага кірмашу.