У Тэатры-студыі кінаакцёра ў Мінску будуць ушаноўваць Любоў Румянцаву

18 апреля 2013

Заслужаная артыстка Беларусі запрашае на свой юбілейны вечар. У бенефіса сімвалічная назва – Балада  майго кахання. Гэта напамін  пра самую першую і галоўную кінаролю, якая зрабіла актрысу любімай і знакамітай.


У 1966-м яна прачнулася знакамітай. Прэм’ера фільма Альпійская балада адкрыла 23-гадовай актрысе дарогу ў савецкае кіно. На  яе рахунку амаль шэсць дзясяткаў стужак. Актрыса працягвае здымацца і  сёння, але роляй італьянскай ваеннапалоннай Джуліі Навэлі  даражыць і ганарыцца асабліва.


Самога Васіля Быкава Джулія-Румянцава не вельмі ўразіла, але фільм з фурорам аб’ехаў амаль увесь свет.  Дзесяць гадоў таму “Баладу” ўключылі ў рэтраспектыву Канскага кінафоруму. Беларускую Джулію за сваю нацыянальную гераіню прынялі італьянцы.


Але перш-наперш Любоў Румянцава была і застаецца тэатральнай актрысай. Выпускніца Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва, яна пачынала на маскоўскай сцэне – у тэатры на Малой Броннай. Але пераехала ў Мінск і ў 70-я іграла ўжо ў Рускім драматычным імя Горкага. А ў 1980-м увайшла ў трупу створанага Тэатра-студыі кінаакцёра.


Ірына Нарбекава, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра: Яна для мяне заўсёды  загадка  - вельмі дастойная, нешматслоўная.  Мы ў адной грымёрцы  суседнічаем  доўгія гады, мне падабаецца, як яна апранаецца, як яна сябе трымае. Яна актрыса  - і гэтым  усё сказана.


Тамара Мужэнка, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра: Гэта асоба неардынарная,  гэта працаздольнасць  незвычайная,  стаўленне да працы надзвычайнае.  Яна сумленна адносіцца да сваіх партнёраў. Я вельмі шмат сыграла з ёй у спектаклях роляў.


На беларускай сцэне ў Румянцавай каля дваццаці тэатральных роляў. Па-свойму актрыса перайграла саму Сафі Ларэн – гэта яе Філумена Мартурана ў Шлюбе па-італьянску! Актрыса не абдзеленая адзнакамі і ўзнагародамі: мае медаль за заслугі ў нацыянальным кінематографе, медаль “За працоўную доблесць”. Сапраўдная прыма. Румянцава ўваходзіць у мастацкі савет.


Канстанцін Конюхаў, акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра: Гэта надзвычайны чалавек, у якога я навучыўся многаму, нават  у большай ступені  адносінам да справы, да тэатра.


Сёння ўвечары пасля невялікага перапынку Любоў Рыгораўна выйдзе на сцэну свайго роднага тэатра.