У сталіцы адкрылася выстава хатніх тапачак

9 марта 2013
Лапці на каньках і нацюрморт з абутку - дызайнеры і мастакі ператварылі звычайныя тапачкі ў крэатыўнае мастацтва. Аляксандра Драгун працягне тэму.
Хатнія тапачкі як прадмет для ўласнага пераасэнсавання хатняй утульнасці. Ідэі для інтэрпрэтацыі аўтары бралі ў асноўным з уласнага жыцця. Таму ў кожнага экспаната - свая забаўная перадгісторыя... Ад дзіцячых фантазій да сюжэтаў папулярных анекдотаў.
Аўтары нават прыдумалі дзе арт-аб'екты будуць запатрабаваныя, бо ў адрозненне ад звычайных тапачак гэтыя экспанаты дакладна на стагоддзі.
Прырода экспанатаў абсалютна розная: хатнія тапачкі тут у жывапісе, скульптуры, фатаграфіі і нават у 3D. Пятнаццаць аўтараў прэзентуюць сваё бачанне ўтульнага мяккага абутку.
Прычым, падлічыць колькасць арт-аб'ектаў амаль немагчыма. Хатнія тапачкі могуць адначасова вырасці на дрэве і разам з тым таямніча знікнуць, як гэта бывае ў штодзённым жыцці, ці, наогул, зрабіцца нябачнымі.
Тапачкі на выставе на любы памер і густ: вялізныя двухметровыя з воўны і апетытныя - з вяндлінай і сырам. Для аматараў рызыкі абутак у форме іншамарак. Былі варыянты, здавалася б, з несумяшчальных матэрыялаў: жэмчугу і дроту. А таксама крэатыўная прапанова для суровых жыллёвых умоў - тапачкі з бетону, арматуры і свінцу.
Утульная атмасфера будзе панаваць у галерэі на працягу двух тыдняў. Магчыма, беларускі арт-праект натхніць сусветна вядомых дызайнераў разам з іншымі прадметамі гардэробу ўзнесці хатнія тапачкі на вяршыню модных паказаў і дэфіле.