У Польшчы завяршыўся фестываль беларускай культуры

5 августа 2013

Гэта адзін з самых маштабных форумаў у Беластоцкім краі. Гэты праект паказвае творчасць беларусаў замежжа. У лепшых традыцыях нашай культуры на польскай сцэне выступалі ансамбль Белтэлерадыёкампаніі Бяседа, а таксама музычны калектыў Харошкі і многія іншыя.


Чым запомніўся беларускі форум, раскажа Ларыса Гулякевіч.


Беларусь і Польшчу звязваюць шматвяковыя традыцыі добрасуседскіх адносін. Агульная гісторыя - агульныя героі, пісьменнікі, культурныя дзеячы, асветнікі, друкары. У Беластоцкім краі жывуць тысячы этнічных беларусаў. Яны ганарацца сваімі каранямі, захоўваюць родны фальклор.


Ян Сычэўскі, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы: Беларусаў на Беласточчыне і ў Польшчы пражывае каля 200-250 тысяч. Значыцца, гэтая грамада не малая. Гэтая грамада, якая на працягу сотняў гадоў стварала тут сваю культуру, свой звычай, абрад, стварала традыцыю беларускасці сваёй.


У Беластоцкім краі любяць спяваць. І фестывалі беларускай песні тут праводзяцца даволі часта. Аднак запрашэння на Прымацкую бяседу чакаюць усе мясцовыя жыхары: беларусы, палякі, рускія, украінцы. Адзін з заснавальнікаў Міжнароднага фестывалю беларускай культуры - Павел Латушка. Сёлета - госць свята.


Гаспадар Прымацкай бяседы - творчая асоба Юрый Астапчук, спявае і кіруе музычным калектывам Прымакі. Ну, а наша Бяседа з Мінска - верны сябар і сталы ўдзельнік беларускага свята ў Польшчы.


На польскай сцэне беларускія песні спявалі дзясяткі калектываў з суседніх краін. А з Беларусі музычныя падарункі прывезлі знакамітыя Харошкі, Неруш, Раскоша і іншыя прафесійныя калектывы. Увогуле Прымацкую бяседу наведалі каля 10 000 чалавек.


Прымацкая бяседа вядзецца, спяваецца і танчыцца ад 16-й гадзіны да 4-х раніцы. Прысмакі: беларускія песні, польская шчырасць,сяброўскія адносіны і святочны настрой.