У Нясвіжскім замку адкрылася выстава, прысвечаная 270-годдзю са дня першага спектакля Тэатра Уршулі Радзівіл

23 ноября 2016

"Апладысменты скрозь стагоддзі". У Нясвіжскім замку адкрылася выстава, прысвечаная 270-годдзю са дня першага спектакля Тэатра Уршулі Радзівіл. Апошняя з роду Вішнявецкіх і першая жанчына-паэт і драматург Вялікага Княства Літоўскага. А таксама жонка Міхаіла Казіміра Рыбанькі - менавіта гэтая пара паклала пачатак тэатральнага жыцця Беларусі. Гісторыя ад аматарскай да прафесійнай трупы - у сюжэце Алены Борматавай.

Тэатральныя рэквізіты ў невялікай выставачнай зале экспануюць у паўзмроку. Тут спецыяльна закрылі вокны шчыльнымі фіранкамі, каб стварыць атмасферу старажытнага тэатра. Калі ў святле рампы толькі сцэна. Экспанаты, а гэта і фондавыя рэчы, і капійныя матэрыялы, і сапраўдныя тэатральныя касцюмы. Выключна да выставы Нацыянальны купалаўскі тэатр на час развітаўся са сцэнічнымі строямі і рэквізітам да спектакля «Выкраданне Еўропы альбо тэатр Уршулі Радзівіл». Пастаноўка 2011 года - рэканструкцыя святочнага вечара ў Нясвіжскім палацы. Менавіта як сямейная забава 270 гадоў таму ў Нясвіжы з'явіўся тэатр.

Першы тэатр на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага арганізавалі Уршуля Радзівіл разам з мужам Міхаілам Казімірам Рыбанькам. Спачатку трупа была непрафесійная. Акцёрамі выступалі госці знакамітага роду. Як правіла, яны прыязджалі за некалькі тыдняў і праводзілі рэпетыцыі. Адмысловай, рэпетыцыйнай залы не існавала, таму падрыхтоўка да спектакля адбывалася ў розных пакоях Нясвіжскага палаца.

Першы спектакль - гэта падарунак Уршулі мужу на дзень нараджэння. Поспех стаў падставай для напісання новых п'ес. Уршуля не абмяжоўвалася выключна драматургіяй, яна аўтар рэлігійнай і рамантычнай лірыкі, прозы і загадак.

Алена Фомчанкава, начальнік аддзела Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж»: "Сваю літаратурную спадчыну Францішка Уршуля пакінула на польскай і французскай мовах. Ёсць кніга камедый і трагедый Уршулі Радзівіл. Яна захавалася ўсяго толькі ў 20 экзэмплярах, але адзін ёсць у Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы".

Пастаноўкі таксама адбываліся ў розных месцах. На свежым паветры і ў вялікіх залах. Усё залежала ад колькасці запрошаных. Паступова тэатр стаў прафесійным. Рыбанька запрашаў педагогаў, каб выкладалі прыдворным тэатральную навуку. Традыцыю бацькоў прадоўжыў і сын - Пане Каханку. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў стаў сімвалам велічы і багацця роду.