У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава "Кветкавы рай"

9 марта 2015

Напярэдадні Беларусь адзначыла Міжнародны жаночы дзень. Самы незвычайны букет беларускам паднеслі ў Нацыянальнай бібліятэцы. На двух паверхах тут адкрылася выстава пад назвай "Кветкавы рай". Вясновым натхненнем падзяліліся больш чым 50 мастакоў. Сюжэт - Наталлі Бардзілоўскай.

Сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі, Саюза мастакоў Беларусі і творцаў з аматарскіх мастацкіх аб’яднанняў вітае жанчын ужо сёмую вясну. Выстава-віншаванне “Кветкавы рай” спалучае жывапісцаў, графікаў, фотамастакоў, дызайнераў і фларыстаў. Сёлета – гэта каля 50-ці імёнаў і больш за сотню работ.

Такі букет не ўбачыш у сакавіцкай прыродзе. Адначасова расквітнелі цюльпаны, лілеі, чаромха і ландышы. Імпрэсіянісцкія ружы, абстрактны бэз і рамонкі, напісаныя ў стылі суровага рэалізму – аднолькава пераканаўчыя… У нацюрмортах, пейзажах і жанравых карцінах адна з адвечных тэм прадстаўлена ў дыяпазоне стыляў і напрамкаў. ”Кветкавы рай” – дэмакратычны праект, на якім па-суседстве імёны і мэтраў айчыннага выяўленчага мастацтва, і школьнікаў, якія толькі вучацца маляваць. Сутнасць жа выставы – яе атмасфернасць і эмацыянальны настрой.

Выставай абуджаць вясну - калісьці гэта прыдумаў мастак і галерыст Фёдар Ястраб. Зрэшты, сёлетні кветкавы вернісаж – і ў яго памяць. Экспазіцыя не абмяжоўваецца мастацкімі палотнамі.

Да жаночага свята 8-га Сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы праводзяць яшчэ адно мерапрыемства: “Мамін дзень” – прысвячэнне матулям у музычных нумарах, выставах юных мастакоў, гульнях і віктарынах.