"Нармандская чацвёрка" зноў у Мінску

29 ноября 2016

Сёння ў Беларусі сабраліся міністры замежных спраў Германіі, Расіі, Украіны і Францыі. Галоўная і адзіная мэта сустрэчы - урэгуляванне канфлікту ў Данбасе. А калі дакладна, то, як заяўлялі раней самі ініцыятары, чарговыя перамовы ў Мінску - гэта праверка таго, што было зроблена пасля кастрычніцкай сустрэчы лідараў краін “нармандскага фармату” ў Берліне. Журналісты і эксперты мяркуюць, што сёння міністры паспрабуюць разгледзець магчымую дарожную карту. Ну, а судзячы па папярэдніх заявах зацікаўленых кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, няма сумнення, што перамовы будуць праходзіць і праходзяць складана. За падзеямі ў мінскім "Прэзідэнт-Гатэлі" сочаць дзясяткі журналістаў.

Там знаходзіцца і наш палітычны аглядальнік Аляксей Адашкін - у яго апошняя інфармацыя (прамое ўключэнне). Увага сусветных сродкаў масавай інфармацыі зноў прыкавана да Мінска. Сёння ў "Прэзідэнт-Гатэлі" журналістаў ці не больш за пастаяльцаў. 130 рэпарцёраў з розных краін свету акрэдытаваліся на міністэрскую сустрэчу ў “нармандскім фармаце”. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў на такіх перамовах не надта шмат гавораць. Таму аб'ектывы тэлекамер і фотаапаратаў ловяць усе жэсты, усе погляды і рухі рук палітыкаў, каб на аснове карцінкі тлумачыць ход перамоў. Дарэчы, першым у Мінск прыляцеў кіраўнік украінскага МЗС. Гэта падкрэслівае, што афіцыйны Кіеў - самы зацікаўлены ў перамовах бок. Бо ў Мінску сёння ў нейкай ступені вырашаецца лёс Украіны.

Што датычыцца парадку дня, то ён не апавяшчаўся загадзя. Але пра сутнасць перамоў можна здагадацца з папярэдніх заяў удзельнікаў працэсу. Сустрэча ў Мінску - гэта працяг перамоў лідараў краін "нармандскай чацвёркі", якія прайшлі ў Берліне ў мінулым месяцы. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Германіі, Расіі, Францыі і Украіны сабраліся за адным сталом, каб дэталёва абмеркаваць дарожную карту. Мінская сустрэча арганізаваная па ініцыятыве афіцыйных Берліна і Парыжа. Каб сітуацыя ва Украіне не выйшла з-пад кантролю, мірнаму працэсу неабходны імпульс. Пазітыўным крокам можа стаць прыняцце так званай дарожнай карты. Дакумент павінен уключаць у сябе паслядоўнасць выканання мінскіх дамоўленасцяў, а таксама гарантыі іх выканання. Гэты маршрут да міру ахоплівае такія блокі пытанняў, як арганізацыя мясцовых выбараў, прыняцце закона аб асаблівым статусе Данбаса, а таксама спецыяльныя меры па паніжэнні напружанасці ў рэгіёне. Бяспека і ажыццяўленне палітычных рэформ павінны забяспечвацца адначасова. Гэта пазіцыя Расіі. Ва ўкраінскім варыянце дарожнай карты асноўныя акцэнты зробленыя на пытаннях бяспекі і праблемах гуманітарнага характару.

У мінулым лютым Еўропа апынулася ля небяспечнай рысы, за якой віднелася кантынентальная вайна. Паводле звестак ААН, ахвярамі канфлікту ва Украіне сталі дзевяць з паловай тысяч чалавек. Мінскія перамовы лідараў Германіі, Францыі, Расіі і Украіны ў Палацы Незалежнасці, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю, змаглі зрабіць паварот ад вайны да міру. Сённяшняя сустрэча - гэта працяг мінскага працэсу, альтэрнатывы якому не бачыць ні адзін з бакоў. Мы працягваем сачыць за перамовамі ў "Прэзідэнт-Гатэлі".