У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ўшаноўвалі год хлебны

11 декабря 2013

Сёння тут адкрылі цэлую экспазіцыю, прысвечаную галоўнаму святу аграрыяў і хлебаробаў - Рэспубліканскаму фестывалю-кірмашу работнікаў сяла Дажынкі-2013. І хоць галоўным героем выставы стаў фестывальны Жлобін - цэнтр свята гэтага года - у планах музея зрабіць выставу стацыянарнай і пастаяннай, год ад года напаўняць яе новымі прадметамі, як даніна павагі і ўвагі дзяржавы да працы земляроба, да адраджэння даўніх народных традыцый. Чым характэрныя музейныя Дажынкі?


Раскажа Наталля Бардзілоўская.



Пра шматвекавую беларускую традыцыю ўшанавання хлеба, пра абрады нашых продкаў, звязаных з завяршэннем жніва, нам распавядаюць большасць этнамузееў краіны. Але толькі адзіны паспявае адсачыць і зафіксаваць у гісторыі твары і рукі сучасных хлебаробаў, галоўны сноп краіны-2013 і нават пах сённяшняга каравая…


У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці сёння пахне сапраўдным свежым хлебам - гэта да адкрыцця новай экспазіцыі спяклі каравай, копію таго, які жлобінцы ўручылі Кіраўніку дзяржавы на Дажынках. Сярод паўсотні экспанатаў, прысвечаных галоўнаму святу работнікаў сяла, і галерэя збожжавых культур, сабраных сёлета, і сімвал Дажынак-2013 - рукі, якія трымаюць зямны шар. Сімволіка самога Жлобіна, традыцыйны флаг, што перадаецца са сталіцы ў сталіцу…


У чатырох вітрынах і на пастаментах побач з імі - шматлікія сведчанні Дажынак у Жлобіне. Гораду пашанцавала стаць не толькі сталіцай самога свята, але і піянерам у гісторыі стварэння гэтай новай тэматычнай музейнай экспазіцыі. Ужо прынята рашэнне штогод арганізоўваць дажыначныя выставы і імі папаўняць збор памятных прадметаў.


Праз шмат гадоў гэтыя звыклыя, знаёмыя рэчы стануць рарытэтамі.


Дарэчы, у экспазіцыю Дажынак увойдуць прадметы не толькі будучых, але і мінулых свят. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш ужо ахапіў і змяніў 17 беларускіх гарадоў.


Выстава Дажынкі - не толькі прадметная дэманстрацыя памятных сімвалаў галоўнага форуму хлебаробаў. Дадзена высокая ацэнка поспехаў у аграрнай сферы, падкрэслена павага дзяржавы да працы земляроба і ўвага да рэгіёнаў.


Гэта рэтраспекцыя аднаго з першых і адметных свят незалежнай Беларусі, якому нямала аналагаў у СНД. Народныя традыцыі вяртаюцца на дзяржаўным узроўні.