У Маладзечне прайшоў фінал фестывалю "Арт-вакацыі"

30 марта 2017

Творчы патэнцыял і мастацкія здольнасці прадэманстравалі паўтысячы вучняў каледжаў і ліцэяў. У Год навукі стала больш намінацый, звязаных з распрацоўкамі моладзі. Журы ацэньвала міні-фільмы і анімацыю, інтэрактыўныя праекты на вольную тэму. Рэпартаж Аляксандры Драгун.

Пакуль у школьнікаў вясновыя канікулы, у вучняў каледжаў, ліцэяў, тэхнікумаў свае вакацыі з прыстаўкай арт-. Сёння ў Палацы культуры Маладзечна сабраліся паўтысячы маладых людзей, каб паказаць сваю творчасць і мастацкія здольнасці.

Ад дэфіле тэатра моды да адукацыйнай гульні. Электронную крыжаванку распрацавалі выхаванцы Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа. Анлайн-тэст на роднай мове прысвяцілі класіку беларускай літаратуры. Пляцоўку «Арт-вакацый» выбралі для прэзентацыі праекта «Коласазнаўства».

У гэтым імправізаваным салоне Вераніка Дземух - галоўны стыліст-кансультант. Прычоскі на кожны дзень, варыянты ўкладкі карэ ці мудрагелістае пляценне, святочны мейк-ап ці нейл-мода. Па сакрэты прыгажосці і пераўтварэнне ў рэжыме рэальнага часу - чарга.

Фестываль «Арт-вакацыі» крочыць па розных гарадах краіны раз на два гады. Яшчэ летась прайшлі занальныя этапы. Сёння чарада абласных фіналаў пачалася з цэнтральнага рэгіёна.

Сёлета «Арт-вакацыі» - гэта больш за 20 інтэрактыўных пляцовак. Тут руплівыя гаспадыні займаюцца рукадзеллем, даюць майстар-класы па керамічным мастацтве і гатуюць. У прыватнасці, ажурныя бліны.

Пасля такія мучныя карункі падаюць з цукрам ці джэмам.

Заявіць аб творчых поспехах не ў класе сваёй альма-матар падчас фестывалю заахвоціліся прадстаўнікі з усіх ліцэяў і каледжаў Мінскай вобласці. Гэта дэлегацыі з 36 устаноў адукацыі.

Сузор'е фіналістаў мінскага абласнога этапу - на сцэне гала-канцэрта.

У маі пераможцы ўжо з усіх абласцей краіны збяруцца зноў у Маладзечне, каб ацаніць мастацкую творчасць беларускай моладзі на рэспубліканскім узроўні.