Сёння ў школьнікаў пачаліся восеньскія канікулы

29 октября 2018

Традыцыйна сталіца падрыхтавала калейдаскоп мерапрыемстваў. Палац дзяцей і моладзі запрашае на спаборніцтвы юных тэхнікаў і праграмістаў. Таксама школьнікаў чакаюць шоу-праграмы, марафоны і конкурсы. Больш падрабязна Марына Мураўёва.

Замест адпачынку дома на восеньскіх канікулах юныя тэхнікі сталіцы сабраліся ў Палацы дзяцей і моладзі, каб прадэманстраваць свае вынаходкі на гарадскім тыдні "ТэхнаСтарт". Многія ўдзельнікі стартуюць упершыню. Сярод навічкоў і Ягор Пранько. За год заняткаў у гуртку сабраў свой уласны аўтамабіль.

Сёлета "ТэхнаСтарт" сабраў больш за два дзясяткі ўдзельнікаў. У рамках тыдня пройдуць спаборніцтвы па мотаспорце і картынгу.

Восеньская школа журналістыкі, шахматны турнір, конкурс археолагаў, акцыя "Бяспечныя канікулы". Праграма для школьнікаў падрыхтавана разнастайная. Самыя папулярныя заняткі – па робататэхніцы.

Нацыянальная бібліятэка запрашае на віртуальную экскурсію. Тут ажываюць кнігі ў рэальнасці 4D. З дапамогай спецыяльнай праграмы перад наведвальнікамі ўзнікаюць карцінкі з энцыклапедый, дапоўненыя цікавымі фактамі з астраноміі, механікі, біялогіі і іншых навук.

Прыгледзецца да сваёй будучай прафесіі можна падчас тэматычных экскурсій на прадпрыемствах сталіцы. Пытанняў у дзяцей шма: як выпякаюць хлеб круглы і прамавугольны, чаму шакалад бывае белым і карычневым, як збіраюць самыя вялікія самазвалы? Адказы атрымліваюць падчас вандровак па вытворчасцях. Вучням 59-ай мінскай школы сёння пашанцавала пазнаёміцца з тэлевізійнай кухняй. Першы дзень канікул яны правялі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Падчас экскурсіі ў галоўны медыяхолдынг краіны дзеці знаёмяцца з гісторыяй заснавання тэлебачання. У экспазіцыі музея першыя тэлевізары і мікрафоны, рарытэтная аўдыятэхніка і гісторыя эфіру ў асобах.

Разам з тым у сталіцы сёння адкрыліся 250 школьных лагераў, дзе змогуць бавіць час з карысцю больш за 9,5 тысячы вучняў. Сёлета восеньскія канікулы самыя працяглыя – 10 дзён, а значыць часу хопіць і на адпачынак, і на заняткі для душы.