У Мінску адбыўся вернісаж выставы "Прытчы"

29 марта 2016

Cакральнае мастацтва - у новым чытанні. У Мінску адбыўся вернісаж выставы "Прытчы", дзе свае іканапісныя карціны прэзентавалі мастакі Польшчы, Украіны, Літвы і Грузіі. Прытчы - не самая простая тэма, паколькі тут няма ўзораў, і майстрам прыйшлося зноўку вынаходзіць іконаграфічную сістэму. Падрабязней - Дар'я Тарасава.

Дзейнічаць свежа і пры гэтым у рамках канону. Мастакі розных традыцый і школ сабраліся расказаць біблейскія тэксты нанова. Па выніку абразы, напісаныя падчас майстар-класаў, склалі перасоўную экспазіцыю. Ужо больш як паўтары тысячы чалавек пазнаёміліся з пленэрамі ў Новіцах.

Глухая вёсачка на тэрыторыі Польшчы, зусім блізка ад мяжы са Славакіяй. Менавіта сюды кожную восень з'язджаюцца мастакі-іканапісцы. Некаторыя работы выкананыя ў тандэме, у напісанні абраза прымалі ўдзел два аўтары. Падчас правядзення пленэра майстры пэндзля жывуць, як сапраўдныя манахі: штодня моляцца, а паколькі сама вёска знаходзіцца высока ў горах, адсутнічае мабільная сувязь, Інтэрнэт, радыё і тэлебачанне.

Матэвуш Сора, куратар выставы: "У кожнага іканапісца свой стыль. Грузінскія майстры паказваюць больш грузінскія, рэзкія рысы твару, якія характэрныя для гэтай нацыі. Украінцы, напрыклад, дадаюць больш арнаменту і дробных дэталяў. У асноўным абразы напісаныя сучаснай мовай і належаць да мастацтва ХХ стагоддзя, а таксама да сучаснага мастацтва".

Матэрыяламі выступілі дошка, леўкас, тэмпера і золата. У аснову іканапісных карцін леглі сюжэты вядомых прыпавесцяў: пра блуднага сына, таланты, міласэрнага самарыцяніна, сейбітаў і многіх іншых. Такім чынам, майстры імкнуліся вярнуцца да першакрыніц святога пісання. Аляксей Доўнар з Мінска выканаў творчую работу з музычным складальнікам. Тэма - асоба цара Давыда. Выбраў самы жывы матэрыял - драўляныя дошкі з Карпатаў. Бо векавыя шырокія елкі гучаць як нельга лепш. Пасля атрымалася не проста іканапісная карціна, а яшчэ і функцыянальны музычны інструмент. Занятак іканапісам для Доўнараў стаў ужо сямейным. Так, у пачатку 90-х Доўнар-старэйшы распісаў храм Марыі Магдалены, а затым і ніжні храм прыходу праведнай Сафіі Слуцкай.

Аляксей Доўнар, іканапісец, мастацкі кіраўнік іканапіснай студыі "Іконнік": "Развіццё іканапісу ў Беларусі адбывалася досыць доўга ў 90-х гадах таму, што не было ніякай інфармацыі, зараз, калі ў Інтэрнэце хапае альбомаў, фатаграфій і можна паглядзець на работы калег-іканапісцаў, насілкавацца нейкай новай хваляй, вядома, бурленне і ферментацыя розных стыляў іканапісных адбываюцца значна хутчэй".

Павел Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры": "Вельмі важна, што гэтую ініцыятыву падтрымала Беларуская праваслаўная царква, яны ацанілі нашы работы і, безумоўна, вельмі прыемна, што прадстаўнікі духавенства ў кожнай з іх знайшлі сэнс".

Абстрактная, інфармацыйная і сюжэтная - менавіта такія кірункі вылучаюцца ў іконе ХХІ стагоддзя. Дарэчы, сюжэтныя не прызначаныя для малітвы. Майстар-класы іканапісцаў у Новіцах аб'ядноўваюць творчых людзей не толькі розных краін, але і розных рэлігій. Сувязным звяном з'яўляецца абраз з візантыйскімі традыцыямі. Апроч работ прафесійных мастакоў, у экспазіцыі паказаныя і работы студэнтаў.