У Мінску прайшоў трэці моладзевы інтэрнэт-форум

4 апреля 2016

Сёлета ён стаў пляцоўкай і для прэзентацыі інавацыйных праектаў пад брэндам "100 ідэй для Беларусі", а зусім хутка самыя ініцыятыўныя IT-спецыялісты, і не толькі яны, змогуць паўдзельнічаць у абсалютна новым этапе - "100 ідэй для СНД". Акрамя вынаходцаў, на інтэрнэт-форуме сустрэліся блогеры, журналісты, фатографы і аператары. Для іх майстар-класы правялі стотысячнікі YouTube і Instagram. Аб жыцці ў рэжыме анлайн - Юлія Грызунт.

Складана ўявіць, але гэты пінгвін можа пагаварыць з гаспадаром. Больш за тое, ён вызначыць настрой і патрэбнасці карыстальніка. Учарашні пераможца конкурсу "100 ідэй для Беларусі" ўжо хутка з'явіцца ў гандлёвых цэнтрах і банках Расіі і ЗША. Але на гэтым барацьба за "лепшы праект" не скончыцца - наперадзе новая пляцоўка для інавацый - "100 ідэй для СНД".

Алеся Віннік, старшыня ЦК ГА "БРСМ": "Гэта блок - платформа, якая дазволіць усім нашым маладым навукоўцам, якія ўдзельнічаюць у стартапах, сустрэцца, знайсці грантавую падтрымку, знайсці фінансавыя рэсурсы, якія там прапанаваныя".

За перамогу ў СНД пазмагаецца 10 каманд ад Беларусі - гэта лепшыя ідэі краіны. Вялікая частка праектаў - у сферы IT. Сярод іх мабільныя прыкладанні для школьнікаў, навучальны комплекс для будучых гісторыкаў і нават новае моладзевае тэлебачанне. Большасць хай-тэк-ідэй прэзентавалі сёння на глабальным інтэрнэт-форуме.

Інтэрнэт-форум аб'яднаў больш за сотню маладых блогераў, журналістаў і распрацоўшчыкаў. YouTube і Instagram правялі сёння майстар-класы для маладых карыстальнікаў. Дзякуючы ім, трансляцыя форуму праходзіла літаральна ва ўсіх сацыяльных сетках.

Найважнейшыя дэталі - па хэштэгу "інтэрнэт-форум" можна знайсці ў любой сацыяльнай сетцы. Былі тут тыя, хто напісаў аб форуме ў 140 сімвалах - і тыя, хто яшчэ напіша вялікі пост - блогеры. Барацьба за прагляды іх яшчэ чакае.

Правільна карыстацца інтэрнэт-прасторай хлопцы і дзяўчаты вучыліся сёння на вядучых медыяпляцоўках і ў галоўным медыяхолдынгу краіны - Белтэлерадыёкампаніі.

На форуме прэзентавалі і ўжо гатовыя праекты, і гаварылі аб ідэях, якім наканавана стаць праграмным кодам.

Ігар Луцкі, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі: "Інтэрнэт - гэта не толькі сховішча даных, але і сродак камунікацыі, які фактычна змяняе наш стыль жыцця і павінен сказаць, што Інтэрнэт становіцца асобнай галіной, якая вельмі імкліва развіваецца".

Сёння Інтэрнэтам карыстаюцца кожны дзень амаль 90 працэнтаў беларусаў. Заходзяць у глабальную сетку з дапамогай смартфона больш за палову. І вельмі важна забяспечыць кожнаму якасную сувязь. Адзін з важных кірункаў - развіццё так званага шырокапалоснага доступу.

Сяргей Папкоў, Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "На сённяшні дзень у нас у краіне ў цэлым ад усіх аператараў сувязі 2 млн 900 тысяч карыстальнікаў Інтэрнэт шырокапалоснага доступу".

Ужо пасля форуму тут прайшла вялікая дыскусія аб магчымасцях сучаснага лічбавага асяроддзя, у тым ліку і ў бізнесе. Дарэчы, форум прайшоў у Мінску менавіта сёння не выпадкова: 4 красавіка або проста 404 - гэта нумар самай вядомай памылкі ў анлайн-прасторы. Або, папросту, Міжнародны дзень Інтэрнэту.