У Беларусі стартаваў сезон навігацыі

6 июня 2019

Забарона пакуль толькі на Віцебшчыне. Суднаходства ў гэтым рэгіёне адкрываецца пазней. Злавіць спадарожны вецер і пакарыць хвалю ўжо паспелі аматары адпачынку на вадзе. Але важна памятаць пра бяспеку. Аб падводных камянях аквазабаў  распавядзе Карына Пашкова.

Сесці за румпель або ўзяцца за штурвал можа далёка не кожны або як мінімум не адразу. Тут, як і на дарозе, спачатку неабходна атрымаць пасведчанне суднавадзіцеля. А значыць, прайсці навучанне. У дадзеным выпадку размова ідзе аб лодках з маторам магутнасцю больш за 5 конскіх сіл.

Аляксандр Курыла, начальнік ДІМС Мінскай вобласці МНС Беларусі: "Пасля заканчэння навучання адбываецца праверка ведаў - тэарэтычная і практычная. Тэарэтычную здаюць нам, у Мінску. Практычная  - на вадаёмах".

Калі іспыт здадзены паспяхова, можна паднімаць парус і лавіць спадарожны вецер. Тэсціраванне дазволена прайсці, што называецца, экстэрнам. Менавіта гэта мы і паспрабавалі зрабіць.

10 пытанняў у білеце. І на кожны па 4 варыянты адказу. Каб здаць тэарэтычны іспыт, у курсанта ёсць 20 хвілін. 

З 10 пытанняў  4 правільныя адказы. Гэта вынік без падрыхтоўкі. Тэст, вядома, не здадзены. Паводле слоў спецыялістаў, дапускаецца ў бланку толькі адна памылка. І тады наступны этап - практыка. 

Адыход ад прычала, васьмёрка, выратаванне тапельца і падыход да прычала - гэтыя чатыры элементы ляжаць у аснове практычнай часткі іспыту. Здавалася б, усё проста, водная роўнядзь, няма знакаў, разметкі або транспарту побач. Але гэта ўяўная лёгкасць. Элементаў больш, чым у аўташколе, напрыклад, ды і з лодкай у кіраванні не так проста. І яшчэ. Замест рамянёў бяспекі тут выратавальная камізэлька. 

Супрацоўнікі ДІМС адзначаюць, што адно з асноўных парушэнняў, з якім прыходзіцца сутыкацца, адсутнасць камізэлек у суднавадзіцеляў і іх пасажыраў. Хтосьці проста забывае, іншыя пераконваюць, маўляў, умеюць плаваць. Але менавіта гэтая самаўпэўненасць часта іграе злы жарт. 

Калі з камізэлькамі ўсё больш-меней зразумела. Нешматлікія ведаюць, што лодкі, як і аўтамабілі, праходзяць тэхагляд. 

Навігацыйны сезон стартаваў. Лодкі на вадзе, маторы гатовыя да працы. Дакументы суднавадзіцеля ў наяўнасці.  Калі ўсе гэтыя пункты выкананыя - наперад лавіць вецер і пакараць хвалю, але бяспечна.