У Мінску адкрыўся музей карэт

29 мая 2014
У экспазіцыі паказана больш за 100 розных экспанатаў: ад сапраўдных карэт і сялянскіх брычак да коннай амуніцыі і падкоў.

На якім транспарце ездзілі мінчане па вуліцах мінулых часоў, убачыла Наталля Кузьміцкая.

Мінск - горад музеяў. Гістарычны, нацыянальны, ваенны, мастацкі, а зусім нядаўна ў Верхнім горадзе сталіцы з'явіўся і музей карэт з сапраўднымі брычкамі, карэтамі і коннай амуніцыяй.

Экспазіцыя прысвячаецца гісторыі гужавога транспарту, на якім у дарэвалюцыйны час перамяшчаліся жыхары Мінска і Мінскай вобласці.

Самая вялікая чатырохмесная брычка на сённяшнія меркі як мерседэс, на ёй 100 гадоў таму ездзілі заможныя гараджане.

Ёсць у музеі самы танны транспарт - гэта сані, якімі кіраваў рамізнік, і зусім лёгкая прагулачная брычка, якая кіравалася самім пасажырам.

Для наведвальнікаў музея, акрамя цікавай экскурсіі, падрыхтавалі і мультымедыйную праграму. На праектары можна паглядзець фатаграфіі старадаўняга Мінска, а таксама прайсці маршрутам сталічных рамізнікаў таго часу. Распрацавана і забаўляльная гульня Збяры экіпаж.