У Мідл Тэмпле знойдзены першы ў свеце беларускі буквар

13 мая 2016

Сенсацыйная знаходка беларускіх даследчыкаў, якая пацягне за сабою перавыданне энцыклапедый. У закрытай бібліятэцы кансорцыума брытанскіх юрыстаў у Мідл Тэмпле знойдзены першы ў свеце буквар - беларускі. Дарэчы, само слова "буквар" таксама прыдумалі беларусы. Кніга выдадзеная ў 1618 годзе ў адной з друкарань пад Вільняй. Да гэтага дня самым старажытным букваром лічылася навучальнае выданне, выпушчанае на 13 гадоў пазней, - "Буквар мовы славянскай" Спірыдона Собаля 1631 года.

Ніхто раней з сучасных беларускіх даследчыкаў увачавідкі не бачыў найстаражытнейшы буквар. У навуковай літаратуры толькі зрэдку сустракаліся ўскосныя згадванні. Выданне лічылася містычным. Пра яго чулі, але яго не бачылі. Зараз атрыманая лічбавая копія самага старажытнага буквара ў свеце. Ідзе гутарка аб тым, каб у Беларусі выдаць факсіміле старажытнага друкаванага помніка.