У Купалаўскім тэатры сёння адбудзецца развітанне з Ільёй Курганам

23 августа 2019

Наша краіна сёння развітаецца з залатым голасам, легендарным дыктарам. На тыдні не стала заслужанага артыста Беларусі Ільі Кургана. Ён пайшоў на 94-м годзе жыцця, амаль 40 з якіх прысвяціў служэнню Беларускаму радыё.

Майстар агучкі, чытання, віртуознага вядзення прамых радыёэфіраў. Дзякуючы аксамітаваму тэмбру і сваёй падачы тэксту ён стаў самым вядомым радыёдыктарам нашай краіны. У фондах Белтэлерадыёкампаніі захоўваюцца дзясяткі відэа- і аўдыязапісаў з яго ўдзелам, пласцінкі з вершамі беларускіх літаратараў. Ён адмовіўся ад прамых эфіраў толькі ў 65, а на пенсію сышоў наогул у 87! Прафесар Ілья Курган выкладаў студэнтам сцэнічнае слова і выпусціў шматлікіх цяпер вядомых акцёраў, тэле- і радыёвядучых. Цырымонія развітання з Ільёй Курганам пачнецца сёння ў 11 гадзін у Купалаўскім тэатры, грамадзянская паніхіда - у 12:30.