Пытанні інтэграцыі і супрацоўніцтва з Расіяй, лібералізацыю бізнесу на тыдні абмяркоўвалі ў Прэзідэнта

14 апреля 2019

Ад пытанняў інтэграцыі і супрацоўніцтва з Расіяй  да лібералізацыі бізнесу.  Менавіта гэтыя тэмы сталі асноўнымі на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам урада. Такі фармат сустрэч Кіраўніка дзяржавы з эканамічным блокам краіны ўжо даўно прыжыўся ў прэзідэнцкім графіку. Гэта магчымасць аператыўна і напрамую прайсціся па самых актуальных тэмах, якія патрабуюць увагі. 

Адно  з пытанняў тычылася  падтрымкі дзелавой ініцыятывы. Урад рыхтуе нарматыўны акт, які дазволіць скараціць пералік відаў дзейнасці, што ліцэнзуюцца,  і перагледзець умовы выдачы ліцэнзій. Дакумент,  чаканы ў бізнес-асяроддзі, так што даручэнне Саўміну - прадставіць яго Кіраўніку дзяржавы ў найбліжэйшы час. 

У выніку лібералізацыі заканадаўства, якая ідзе  апошні час, колькасць неабходных ліцэнзій скароціцца амаль на траціну. Што нямала. Аляксандр Лукашэнка часта паўтарае: пераважваць у любым пытанні павінна справядлівасць і разумны сэнс. Зрэшты, актуальна гэта не толькі для ўнутрыбеларускіх  пытанняў. 

Жорсткія  ацэнкі Прэзідэнта прагучалі некаторым дзеянням расійскіх партнёраў. Размова ідзе аб перманентным закрыцці рынку для беларускага харчавання. То наша малочка не тая, то яблыкі... Фактычна - гэта "санкцыі" замест роўных умоў і безумоўнага выканання абавязацельстваў па саюзных пагадненнях. Парадокс у  тым, што,  знаходзячыся пад санкцыямі заходніх партнёраў і, рэгулярна асуджаючы такі прэсінг, Расія выкарыстоўвае тыя ж інструменты  супраць найбліжэйшага саюзніка. 

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў адэкватнай і паслядоўнай рэакцыі на такое мэтанакіраванае выцісканне з рынку. Бо гэта не толькі падрывае эканоміку айчынных вытворцаў, але і дыскрэдытуе дамоўленасці на вышэйшым узроўні ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС. Абарона нашых вытворцаў і кантроль выканання саюзных абавязацельстваў павінны стаць для кіраўніцтва ўрада  прыярытэтам.