У кінатэатры "Масква" стартаваў 25-ы Мінскі міжнародны кінафэст "Лістапад"

2 ноября 2018

Беларускую сталіцу закруціў кіна-"Лістапад". Некалькі гадзін таму ў кінатэатры "Масква" стартаваў 25-ы Мінскі міжнародны кінафэст. З адкрыццём удзельнікаў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. У юбілейны кінатыдзень на фэставых экранах пакажуць 167 фільмаў больш чым з паўсотні краін. Гэта хіты прэстыжных форумаў, сусветныя прэм'еры, дэбюты, эксперыменты, дакументалістыка, кіно ў 360 градусаў. Усе падрабязнасці ўрачыстага адкрыцця фэсту і ўладальнікі першых узнагарод - у рэпартажы Вольгі Мядзведзь.

Пад знакам "кляновага ліста з профілем гледача" і ў святле сафітаў. Цырыманіял у духу найбуйнейшых кінападзей свету. Не пад шум лістоты, а апладысменты на чырвонай дарожцы - прафесіяналы сучаснага кіно "не пад папкорн". Мінская кінавосень 25-ы раз сабрала самыя трэндавыя стужкі, якія ўскалыхнулі культурную прастору. 167 карцін больш чым з паўсотні краін свету. Іх не запампаваць у Інтэрнэце, большасць не ўбачыць у масавым пракаце. Дэбютанты "Лістапада" - ПАР і Кенія.

Адкрыццё - і адразу ўзнагарода! У юбілейны "Лістапад" спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" адправіўся да ўзбекскага акцёра і рэжысёра Рустама Сагдулаева. Дарэчы, Ромэа з фільма "У бой ідуць адны старыя" збег на мінскі "Лістапад" прама са здымачнай пляцоўкі.

Яшчэ адзін зорны хэдлайнер - савецкая і расійская актрыса Святлана Немаляева. У адпаведнасці са сваім статусам замыкае дэфіле па чырвонай дарожцы. Яе гэтым вечарам таксама чакала ўзнагарода - спецпрыз Саюзнай дзяржавы "Кіно без межаў".

Адкрылі "Лістапад" бітым фарфорам. На ўдачу талеркай аб штатыў - кінатрадыцыя. Сёння ўпершыню сустрэліся і тыя, ад каго залежыць галоўная інтрыга "Лістападнага" тыдня. Каму дастанецца бронза, срэбра і золата фэсту, вырашыць прафесійнае журы. Усяго ж шэсць калегій пад кожны конкурс адпаведна. Развяла святочную атмасферу "Халодная вайна" Паўла Паўлікоўскі. Чорна-белы фільм нязвыклага фармату 3:4 атрымаў прыз за лепшую рэжысуру ў Канах.