У Кіеве прайшла першая генеральная рэпетыцыя другога паўфіналу "Еўрабачання"

10 мая 2017

Усяго запланавана тры такія прагоны перад заўтрашняй трансляцыяй. Рэпетыцыю прыходзілася некалькі разоў спыняць з-за тэхнічных складанасцяў у нумары адкрыцця. NaviBand выступаюць пад 14-ым нумарам. Артысты выступілі без канцэртнага грыму, але ў сцэнічных касцюмах. Рэжысёр пастаноўкі Максім Літвінчук даў Ксеніі і Арцёму апошнія саветы перад выхадам на галоўную пляцоўку "Еўрабачання".

Максім Літвінчук, рэжысёр нумара Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне-2017": "Наступае хвалюючы момант, калі ўсё становіцца на кон і ўсё залежыць ад таго, як выканаўцы будуць псіхалагічна да гэтага гатовыя. Іх двое, яны адно аднаго падтрымліваюць - яны могуць усіх выгнаць, удваіх застацца. Яны могуць абняць адно аднаго, абмяняцца пазітыўнай энергіяй. Супакоіцца. З аднаго боку - ад аднаго да другога можа перадацца хваляванне".

Сёння ў 22:00 пройдзе яшчэ адна генеральная рэпетыцыя другога паўфіналу. Яе ўбачыць нацыянальнае журы, якое выставіць свае балы. Перад пачаткам прагону ў "Панараме" глядзіце прамое ўключэнне з Міжнароднага выставачнага цэнтра Кіева з Яўгенам Перліным.