У Гродне адкрылася выстава Цуд у Віфлеемскую ноч

18 декабря 2013

Самыя старыя і рэдкія батлейкі - традыцыйныя лялечныя інсталяцыі з каляднымі сюжэтамі - сабралі ў Гродзенскім музеі гісторыі і рэлігіі. Выстава Цуд у Віфлеемскую ноч прапаноўвае гасцям убачыць, якім было Раство нават не 10-20 гадоў таму, а яшчэ ў XIX стагоддзі.


Рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.


Некаторыя экспанаты тут на выставе слушна можна зваць рарытэтнымі. Прычым не толькі праз узрост. Напрыклад, гэтая двух'ярусная саламяная батлейка сабраная майстрамі паводле эскізаў XVIII стагоддзя.


Батлейка, або шопка, - сярэднявечная каталіцкая традыцыя. Лічыцца, што першыя такія яслі з выявамі Дзевы Марыі, немаўляці Ісуса і іншых герояў Раства пабудаваў яшчэ ў 1223 годзе святы Францыск у італьянскім мястэчку Грэчыа. Такім чынам ён хацеў ажывіць хрысціянскае свята, зрабіць яго больш маляўнічым і адпаведным духу Раства. З часам звычайная інсталяцыя ператварылася ў амаль народны тэатр.


Дарэчы, неабавязкова быць экспертам, каб адрозніць беларускую батлейку ад еўрапейскай. Беларускія формай больш нагадваюць невялікія шафы, а на Захадзе іх з часам сталі рабіць у выглядзе храмаў і ўпрыгожваць вежамі.


Але традыцыйна больш за ўсё гледачоў збіраюць механічныя батлейкі, дзе біблейскія персанажы рухаюцца і гучыць музыка. Самай старажытнай лічыцца батлейка ў Францысканскім касцёле Гродна. Яе адкрываюць для ўсіх менавіта напярэдадні Раства.