У фестывальнай афішы "Славянскага базару" больш за 150 мерапрыемстваў

10 июля 2018

Ужо праз некалькі дзён прагучаць фанфары "Славянскага базару". Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 12 ліпеня, але ўжо музычная сталіца жыве ў фестывальным рытме. На час валошкавага свята паміж Мінскам і Віцебскам пачаў курсіраваць спецыяльны цягнік. Вывучыць праграму можна прама ў дарозе. У фестывальнай афішы больш за 150 мерапрыемстваў. Гэта зорныя канцэрты, спектаклі, выставы, прэс-канферэнцыі, вулічныя фестывалі. І, вядома ж, конкурсы. Увогуле, кожны зможа адкрыць для сябе свой Віцебск. Чым яшчэ запомняцца гасцям і ўдзельнікам славянскія дні – даведаемся ў Марыны Раманоўскай.

У Віцебску ёсць прымета, якая спраўджваецца ўжо два дзясяткі гадоў. Калі зоркі свецяць кругласутачна, значыць абласны цэнтр ужо жыве фестывалем. Першыя дні "Славянскага базару" запомняцца ўдзельнікам, гасцям і гледачам аншлагавымі выступленнямі, новымі знаёмствамі і насычанымі выставачнымі праграмамі.

Якім быў "Славянскі базар" дваццаць гадоў таму, хто выступаў на галоўнай сцэне фестывалю ў 1999-ым і чым запомніўся гледачам XXV форум мастацтваў? Унікальныя архіўныя кадры з гісторыі краіны, неад'емнай часткай якой з'яўляецца "Славянскі базар", сабраныя ў фотавыставе Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Праект прымеркаваны да стагоддзя БелТА.

Успывшкі фотакамер - неад'емная частка зорнага жыцця. Сёння ў фестывальным Віцебску першая прэс-канферэнцыя. На пытанні журналістаў адказаў Мікалай Баскаў. Менш чым праз гадзіну народны артыст Расіі выступіць у Летнім амфітэатры. Дарэчы, першы фестывальны канцэрт на галоўнай пляцоўцы форуму мастацтваў прайшоў пры поўным аншлагу.

Выступаць на адной сцэне з вядомымі артыстамі - запаветная мара прадстаўніка нашай краіны на дзіцячым музычным конкурсе Арцёма Скараля. Юны артыст - саліст Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Адметна, што ў першы конкурсны дзень Арцём выканаў песню з рэпертуару легендарных "Пясняроў".

Міжнародны дзіцячы конкурс аб'яднаў юных артыстаў з двух дзясяткаў краін. Упершыню ў музычным спаборніцтве "Славянскага базару" бяруць удзел прадстаўнікі Канады і Вялікабрытаніі.

Сёння на "Славянскім базары" стартавалі і "Тэатральныя сустрэчы". Першы фестывальны спектакль прайшоў на сцэне Тэатра імя Якуба Коласа. Заўтра ў праграме "Славянскага базару" адразу некалькі выставачных праектаў, выступленні ў канцэртнай зале "Віцебск", сольныя канцэрты Хору Турэцкага, Ірыны Алегравай. Таксама будзе дадзены старт і праекту "Лялечны квартал".