У Лізаветы Міснікавай прайшла другая рэпетыцыя на сцэне "Глівіцэ-Арэны"

21 ноября 2019
У Польшчы працягваецца падрыхтоўка да дзіцячага "Еўрабачання". Сёння ў прадстаўніцы Беларусі Лізаветы Міснікавай прайшла другая рэпетыцыя. На сцэне "Глівіцэ-Арэны" артыстка і яе балет выканалі кампазіцыю "Попельны" ў эфірным вобразе - у касцюмах і грыме. Усе ракурсы беларускага нумара ацаніла і наш карэспандэнт Іна Пілевіч.

Пляцоўка дзіцячага "Еўрабачання-2019" прыняла першых гледачоў усяго год таму. "Глівіцэ-Арэна" - гэта польская новабудоўля, гатовая змясціць парадку 17 тысяч фанатаў конкурсу. Яе брэндавалі і адаптавалі пад правядзенне маштабнага міжнароднага праекта.

Дзеля дзіцячага "Еўрабачання" арэну заніравалі - доступ у тую або іншую частку строга рэгламентаваны бэйджамі. Падрыхтоўку да выхаду на сцэну артысты пачынаюць з Delegation Bubble, што ў перакладзе азначае "бурбалка для дэлегацый". У памяшканні плошчай у 1500 квадратных метраў абсталяваныя вось такія грымёркі для 19 краін-удзельніц. Тут дзяжураць грымёры, гатовыя ў любы момант прыпудрыць носік канкурсантам.

Ярка-ружовы павільён арганізаваны так, каб маленькія артысты з камфортам чакалі сваё выступленне ў міжнародным эфіры. На мяккіх пуфах ля экрана можна сачыць за тым, што адбываецца ў зале. Таксама выканаўцы аднаўляюць сілы ў снэк-бары або гуляюць у chill-out зоне.

Шлях на сцэну ляжыць праз пакой гукарэжысёраў. Тут праводзіцца персанальная наладка і праверка мікрафонаў і вушных манітораў. Праца ювелірная - бо на конкурсе толькі жывы вакал.

Галоўнае ўпрыгажэнне сцэны - святлодыёдныя стужкі. Дэкаратыўныя элементы нагадваюць лёгкія і хвалістыя хвосцікі паветраных змеяў. Менавіта яны абраныя сімваламі цяперашняга шоу і прысутнічаюць у графічным афармленні канцэрта. Каб падчас трансляцыі падмосткі быццам парылі ў паветры, арганізатары адышлі ад яе класічнай формы. Адразу 2 сцэны - вялікая і малая - злучаныя звілістым подыумам. Такая ж дарожка вядзе і да грынрума. Зялёным пакоем завуць месца, дзе ўдзельнікі будуць чакаць вынікаў галасавання.

Са сцэны - у праглядальны пакой. Тут каманда ацэньвае выступленне па кадрах і можа выказаць арганізатарам свае пажаданні па здымцы. Сёння па выніках другой рэпетыцыі каманда Лізы ўнесла з нумар праўкі і выбрала лепшы ўрывак нумара для галасавання. Яно будзе адкрыта ўжо заўтра ў інтэрнэце на сайце праекта www.junioreurovision.tv.