У Белтэлерадыёкампаніі прайшла рэпетыцыя фіналу нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2016"

20 января 2016

Святло, гук, графіка ў стане гатоўнасці! Гэтымі хвілінамі ў Белтэлерадыёкампаніі завяршаецца першая рэпетыцыя фіналу нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2016". Канкурсанты ўпершыню выпрабуюць сцэну. Яна ўсталяваная ў студыі 600 метраў, адкуль у пятніцу і будзе весціся прамая трансляцыя шоу. Тым часам у Белтэлерадыёкампанію ўжо дастаўленая галоўная ўзнагарода тэлепраекта. Першай да запаветнай статуэткі дакранулася наш культурны аглядальнік Іна Пілевіч.

Усе галасы на далоні, а дакладней, на экране планшэта. Сёння галоўны чалавек на пляцоўцы нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" гукарэжысёр. Менавіта ён дапамагае канкурсантам пачуць не толькі сябе, але і партнёраў па сцэне. Найменшы недагляд здольны адбіцца на выніку галасавання гледачоў. У фінале тэлепраекта - толькі жывы вакал. На падпеўцы - вядомыя беларускія артысты. У якасці бэк-вакалістаў на сцэну папулярнага тэлепраекта не пасаромеліся выйсці група "Аўра" і трыа "Інжыр". Праўда, у кадр трапяць не ўсе. Пеўчы тыл шматлікіх фіналістаў часцяком утоены ад вачэй гледача - знаходзіцца за сцэнай.

50 хвілін на індывідуальную рэпетыцыю. За гэты час кожны саліст можа некалькі разоў "прагнаць" сваё выступленне. Упершыню ў гэтым сезоне ўдзельнікам дазволена самастойна падрыхтаваць графічнае афармленне нумара. А разгарнуцца ёсць дзе.

На фінішнай прамой галоўнай музычнай схваткі краіны 10 прэтэндэнтаў. У большасці - артысты-пачаткоўцы. Пазнаёміцца з прэтэндэнтамі на пуцёўку ў Швецыю можна на нашым тэлеканале. Штодня ў эфіры візітоўкі ўдзельнікаў. Дапамогу ў здымках відэапрэзентацый аказалі Нацыянальны музей, Нацыянальная бібліятэка і музейны комплекс "Дудуткі".

Вось гэтая статуэтка ў форме сэрца чакае пераможцу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2016". Таксама прыемны бонус для трыумфатара - ратацыя. Кампазіцыя, якая прадставіць нашу краіну на конкурсе, будзе рэгулярна гучаць у эфіры "Радыус ФМ".

Ужо заўтра генеральны "прагон" шоу у рэжыме рэальнага часу. Раніцай упершыню выпрабуюць сцэну і госці гала-канцэрта. Падчас галасавання для гледачоў праспяваюць Алена Ланская, Гюнеш, Саша Нема і Кэці. Правядзе фінал "чызкейк" беларускай эстрады Тэа ў кампаніі жонкі Вольгі Рыжыкавай.