У фінал нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне 2019" прайшлі 8 салістаў, трыа і квартэт

20 августа 2019

Зялёнае святло 10 з 44 прэтэндэнтаў на права праспяваць пад беларускім флагам на ўвесь кантынент. Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі адбылося праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне 2019". Імёны ўдзельнікаў выніковага гала-канцэрта  ў рэпартажы Іны Пілевіч.

З такой нагоды бацькі дазволілі ім апрануцца і прачасацца так, як нельга хадзіць у школу. Чубкі, афарбаваныя ў колер сівізны, і хвасты кіслотнага колеру. На што толькі ні пойдзеш, каб цябе заўважылі на нацыянальным адборы на дзіцячае "Еўрабачанне". 

Сёння запальваць у Белтэлерадыёкампанію прыехалі дзеці з розных куткоў краіны. Большасць удзельнікаў з Магілёва і Мінска. Усяго каля 4 дзясяткаў прэтэндэнтаў на еўравізійную пуцёўку. 

У кожнага маленькага артыста свая світа - ад стыліста да кампазітара. Нягледзячы на фармат праслухоўвання, удзельнікі імкнуліся паказаць паўнавартасны нумар,  часам нават з трукамі як у Коперфільда. 

На праслухоўванні  толькі жывое выкананне. Ацэнкі выстаўляла прафесійнае журы. У складзе судзейскай калегіі - шоумен, прадзюсар, кампазітар і тыя, хто яшчэ некалькі сезонаў таму стаялі на сцэне "Еўрабачання".

Лідзія Заблоцкая, член журы нацыянальнага адбору на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019": "Слухаю вакал, гляджу на дзяцей, спрабую злавіць іх погляд і зразумець, ці разумеюць яны, аб чым спяваюць. Калі я бачу, што дзіця сапраўды разумее словы, яно ў песні,  у тэме, я яму веру, у нас складваецца канэкт, я чую, што яно не фальшывіць, то я стаўлю добрую адзнаку". 

Максім Алейнікаў, член журы нацыянальнага адбору на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019": "На конкурсе выйграе прадукт. Прадукт - гэта ўсё ж гатовы нумар, гэта зразумелая песня, гэта якаснае выкананне".

Пасля гарачых дыскусій журы вызначыла фіналістаў праекта. Іх імёны на вашым экране. У наступны тур конкурсу прайшлі 8 салістаў, трыа і квартэт. Яны праспяваюць песні на рускай, беларускай, англійскай мовах.

Ужо заўтра фіналісты вызначацца, у якім парадку выходзіць на сцэну. Апоўдні ў Белтэлерадыёкампаніі адбудзецца жараб'ёўка. Таксама ўдзельнікі даведаюцца параметры пляцоўкі гала-канцэрта. А яе, дарэчы, усталююць тут, у найбуйнейшым павільёне холдынга - студыі "600 метраў".

Інтрыга вырашыцца ў прамым эфіры. Ацэнкі кожнаму нумару выставяць як суддзі, так і гледачы. Хіт, які адправіцца ў Польшчу на дзіцячае "Еўрабачанне", краіна выбера не пазней за 27 верасня.