У Беларусі сотні архітэктурных помнікаў, якія ўжо сталі гістарычнай спадчынай

18 апреля 2013

Адзін з аб'ектаў - Лошыцкая сядзіба ў Мінску. Дарэчы, шматлікія пакаленні савецкіх дзяцей пазнаюць яго архітэктурны ансамбль у мастацкім фільме Корцік. Пра аднаўленне гістарычнай памяці - Алена Борматава.


 


Вывучаць Лошыцу беларускія гісторыкі сталі толькі ў 80-х, калі  сядзібны дом і парк не лічылі гістарычным помнікам. Тэрыторыя была падзелена між некалькімі гаспадарамі - інстытутам раслінаводства і саўгасам “Лошыцкі”. У 89-м гістарычны будынак аддаюць Нацмузею. Вось тут і пачынаюцца археалагічныя і гістарычныя даследаванні. Аказваецца, што яшчэ ў 10 стагоддзі тут жылі людзі. Выяўлены і паселішчы, і курганы.

Лошыца павінна была стаць музейным комплексам, экспазіцыя якога ўключала ў сябе і археалогію, і прадметы савецкага часу. У гады вайны тут жыў паплечнік Кубэ. І гаўляйтар з дзецьмі часта тут гасцяваў. На першым паверсе захаваўся камін. Такі ж навукоўцы знайшлі ў Самары.


Першы, хто валодаў гэтымі землямі, а апроч Лошыцы ва ўладанні ўваходзілі маёнткі Новы Двор, Пашкавічы, гэта сучасны Мінскі раён за кальцавой, быў князь Заслаўскі – нашчадак Гедыміна. Затым Друцкія-Горскія – гэта ўжо нашчадкі Усяслава Чарадзея. Але сядзіба ў той час займалася гаспадарчымі справамі, такі сярэдневяковы фальварак. Толькі пры Прушынскіх Лошыца стала жылой. І самы апошні ўладальнік – гэта Яўстафій Любанскі. Як раз з яго жонкай Ядзвігай і звязаны ўсе лошыцкія легенды.

На сённяшні дзень не захавалася ніводнага дакумента і фотаздымка, дзе б можна было ўбачыць, як выглядала сядзіба. Любанскі рабіў перапланіроўку, дабудаваў мураваную частку. Але назначэнне пакояў невядома.

Рэстаўратары знайшлі пад некалькімі слаямі фарбы рэшткі старажытных роспісаў. У кожным пакоі свае. Па іх і аднаўляюць жывапіс - роспісы столі і сцен. На чарзе рэстаўрацыя лесвіцы.


Лошыцкая сядзіба ўключана ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Аднаўленчыя работы тут пачаліся некалькі гадоў таму. Зараз Белрэстаўрацыя на завяршальнай стадыі і агульнабудаўнічых, і рэстаўрацыйных працэсаў, закончыць якія плануюць летам гэтага года.