У Беларусі працягваецца маштабная падрыхтоўка да дзіцячага "Еўрабачання"

11 ноября 2018

Зусім хутка ў Мінску вызначыцца галоўны пеўчы талент кантынента. Ва ўзроставай катэгорыі да 15 гадоў. Мы працягваем падрыхтоўку да гэтага вялікага песеннага спаборніцтва.

Гэтую будоўлю па праве можна назваць падзеяй года. Мінск ізноў стаў сталіцай дзіцячага "Еўрабачання". Вопыт правядзення конкурсу ў нас ужо ёсць, тым не менш за 8 гадоў многае змянілася. Таму ўсёй камандзе, уключаючы Белтэлерадыёкампанію, рэспубліканскія і гарадскія службы аргкамітэта, давялося добра папрацаваць. І нарэшце на гэтым тыдні мы сапраўды адчулі: міжнародны песенны форум зусім блізка.

Пачынаючы з панядзелка, на галоўнай пляцоўцы конкурсу "Мінск-Арэне" ідуць мантажныя работы. Там будуюць сцэну конкурсу. Яе ўжо завуць касмічнай, і не толькі праз параметры. Хоць яны сапраўды ўражваюць: пад галоўныя лакацыі шоу адвялі ўсю карысную плошчу. А гэта 44 на 60 метраў. Выкарыстаюць нават вышыню столі - 25 метраў.

Аўтар праекта, мастак-пастаноўшчык Белтэлерадыёкампаніі Галіна Гоманава ўвасобіла ў сцэнаграфіі слоган і лагатып конкурсу гэтага года - "Запальвай!". Для шоу выкарыстаюць тоны светлавога абсталявання. Больш за 1 000 прыбораў. На гэтым этапе зборкі сцэны, а дакладней, дзвюх сцэн і грын-рума, падвешана ўсё святло. Спецыялісты ўжо выстаўляюць неабходныя налады святла пад кожны нумар краіны-ўдзельніцы.

Хоць гэта і праект дзіцячага "Еўрабачання", але нічым не саступае ў размаху даросламу. Дарэчы, гэта першы выпадак на дзіцячым "Еўрабачанні", калі сцэнаграфіяй займаецца спецыяліст з краіны-арганізатара. Звычайна гэтая праца кладзецца на прафесіяналаў Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.

Фінальную карцінку можна будзе ўбачыць зусім хутка. 13 лістапада на "Мінск-Арэне" пройдзе першая рэпетыцыя са статыстамі, тэхнічнымі дублёрамі канкурсантаў. Па іх каманда выставіць параметры здымкі. На пляцоўцы працуюць усе службы, уключаючы рэжысёра трансляцыі. Нагадаем, дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" пройдзе 25 лістапада.

Паралельна ідзе ўдасканаленне тэле- і аўтапарка найбуйнейшага медыяхолдынга краіны! Мы пашыраем тэхнічную базу, каб зрабіць кантэнт яшчэ больш якасным і адпаведным сусветным тэндэнцыям. Новыя магчымасці беларускага HD-тэлебачання адкрыюць 4 высокатэхнічныя прыгажуні Белтэлерадыёкампаніі - "Ефрасіння", "Яніна", "Рагнеда" і "Паўліна", кожная па 27 тон.

Спецыяльна для айчыннага вяшчальніка перадавы сістэмны інтэгратар Еўропы стварае 4 першакласныя перасоўныя тэлевізійныя станцыі. Падобная ўжо ёсць у арсенале медыяхолдынга - платформа для правядзення пазастудыйных праграм і трансляцый з даволі гучным славянскім імем "Александрына".

Традыцыям вырашылі не здраджваць і сёстрам-ПТС далі назву ў гонар жанчын, чые імёны звязаныя з гісторыяй краіны альбо ўвасабляюць наш нацыянальны дух: "Ефрасіння", "Яніна", "Рагнеда" і "Паўліна". Іх начынню могуць пазайздросціць канкурэнты. На нашых перасоўных апаратных будзе апрабаваная эксперыментальная тэхналогія - інтэлектуальная сістэма кіравання.

Стандартных ПТС проста не існуе, кожны праект індывідуальны і ствараецца на запыт заказчыка ўручную. У кожнай тэлеплатформе тэхнічнае начынне на 20 тон ад перадавых сусветных вытворцаў. 14 стандартных, дзве слоу-моўшн, дзве радыё і дзве міні, так званыя б’юці-шот камеры з функцыямі, якія раней не бачылі беларускія гледачы.

Напрыклад, здымка з распазнаваннем 4К з магчымасцю павялічваць асобныя элементы без страты якасці, асабліва будзе прыкметная пры спартыўных трансляцыях і дазволіць дэталёва разгледзець, як мяч або шайба ляціць у сетку… нашых сапернікаў, вядома.