У гімназіі №16 арганізавалі сапраўдную кінастудыю

11 октября 2017

Цішыня на здымачнай пляцоўцы! Такія каманды рэжысёра сёння гучаць у 16 сталічнай гімназіі. На базе гэтай установы адукацыі школьнікі арганізавалі сапраўдную кінастудыю. Прычым фільмы здымаюць у асноўным на англійскай мове.

Творчая група складаецца выключна з вучняў. На працягу года яны здымалі казку Льюіса Кэрала "Прыгоды Алісы ў краіне цудаў". Аляксандр Харавец пабываў на прэм'ерным паказе стужкі.

Гэта кінаверсія казкі Льюіса Кэрала "Прыгоды Алісы ў краіне цудаў". Здавалася б, нічога незвычайнага. Калі б не некалькі але. Па-першае, здымалі яе звычайныя сталічныя гімназісты, напэўна, у самым маленькім павільёне краіны. Студыяй ім служыць клас англійскай мовы памерамі менш за 15 квадратаў. Па-другое, акцёры, аператары і нават мантажоры - школьнікі.

Стас Караткевіч дэбютаваў у ролі вусеня. Хлопец прызнаецца, здымацца ў кіно і пры гэтым размаўляць толькі на англійскай мове цяжка, аднак цікава.

А гэта ўжо праект на беларускай мове. Яго аўтар Эмілія Церахава. Народныя казкі яна ажыўляе пры дапамозе батлейкі. Тым самым дзяўчынка папулярызуе творчасць нашых продкаў.

Усё цікавае, што адбываецца навокал, вучні стараюцца зняць на камеру. Пасля чаго блокі навін аб жыцці гімназіі дэманструюць у эфіры школьнага тэлебачання падчас перапынкаў.

А вось так выглядае мантажны цэх. На наўтбуках гімназісты і ствараюць свае міні-фільмы. Дарэчы, для таго, каб зманціраваць 10-хвілінны сюжэт, ім спатрэбіцца амаль гадзіна. Прыкладна столькі ж часу затрачваюць і прафесійныя спецыялісты на тэлебачанні.

З'явілася школьная кінастудыя тры гады таму літаральна на тэатральнай сцэне. Аўтарам праекта выступіла настаўніца англійскай мовы. Па словах Наталлі Пратасевіч, усё, што для гэтага спатрэбілася, перафарбаваць сцены класа ў зялёны колер. А вучні самі захапіліся вывучэннем моў праз кіназдымкі.

Пакуль на гімназічныя экраны выйшла толькі адна стужка. Аднак зараз здымачная група зноў рыхтуецца да вялікага кіно. Каманда "Камера! Матор!" прагучыць у найбліжэйшыя дні. І школьнікі пачнуць працаваць над дэтэктыўнай гісторыяй паводле твораў Агаты Крысці. Прэм'ера - напрыканцы навучальнага года.