Пайшоў з жыцця заслужаны артыст БССР Ілья Курган

21 августа 2019

Сумная навіна сёння прыйшла са свету беларускага радыё і тэлебачання. Яго голас ведае кожны беларус - непаўторны і такі родны. Яго "гаворыць Мінск"  стала неад'емнай часткай беларускага радыё. Пайшоў з жыцця заслужаны артыст БССР  Ілья Курган. Беларускаму дыктару было 93 гады. У сувязі з трагічнай навіной у праграме нашых калег, тэлеканала "Беларусь 3", будуць змяненні. У 22:25 у эфір выйдзе праект "Камертон", прысвечаны Ільі Кургану. 

Гэты голас сорак гадоў агучваў самыя гарачыя навіны краіны. Чалавек, які працаваў за кадрам, дзякуючы тэмбру стаў самым вядомым дыктарам Беларусі. Ілья Курган выходзіў у прамым эфіры, не баяўся матэрыялаў з паметкай "тэрмінова" і вяшчаў на беларускай, дарэчы, мову палюбіў яшчэ ў школе. Да дыктарства працаваў у літаграфіі і нават быў разьбяром па метале. Звязаў жыццё з мастацтвам у 1945, тады набіралі першы курс на акцёрскі факультэт Мінскага тэатральнага інстытута (сённяшняй Акадэміі мастацтваў). Пакараць гледача адправіўся ўслед за жонкай. Выпускнік майстэрні Міровіча і Арлова мог быць зоркай акадэмічнай сцэны, але абраў працу голасам. 

Пачынаў з пасады практыканта, тады яшчэ на вуліцы Рэвалюцыйнай, дыктарам стаў праз год. Дарэчы, прайшоў па конкурсе, Ілью Эйдэльмана (сапраўднае прозвішча дыктара) выбралі сярод сотні кандыдатаў. Заўважылі драматычны барытон. Дарэчы, гучнае Курган  на самай справе дзявочае прозвішча маці. Узяць псеўданім прапанавала кіраўніцтва.

Маргарыта Захарыя, дыктар, актрыса, рэдактар міжнароднага радыё "Беларусь": "Ілья Львовіч Курган  - гэта сапраўдны чалавек-аркестр. Яму,  здаецца, былі падуладныя ўсе жанры. Ён выдатна чытаў навіны, здаецца, не было нічога, што б ён не мог рабіць ў эфіры. Нездарма яго называлі беларускім Левітанам".

Майстар і настаўнік. Ён адмовіўся ад прамых эфіраў толькі ў  1965, але прадоўжыў працаваць галоўным рэжысёрам дыктарскай групы і акцёрам агучкі. Пайшоў на пенсію ў 87. Прафесар Курган навучаў прамоўніцкаму майстэрству ў Беларускай акадэміі мастацтваў і ўніверсітэце культуры. Нарасхват быў і сярод тэлевізіёншчыкаў. Навучаў вядучых Белтэлерадыёкампаніі.

Уладзімір Мішчанчук, акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ, прафесар: "У першыню ўбачыў яго на нашай лекцыі па сцэнічнай мове, я не паверыў сваім вачам, таму што мне падавалася тады, што гэта сапраўдны волат. З такім голасам, з такімі пачуццямі, якія ён перадаваў праз свой голас па радыё. А гэта прыйшоў такі сціплы, добры,  з гумарам чалавек, высокаінтэлегентны. Гэта мой настаўнік. Гэта мой другі бацька".

Голас дакументалак. Курган агучваў "Мая Рэспубліка", "Магілы не маўчаць", "Брэсцкая крэпасць". Каменціраваў парады. Працаваў літаратурным кансультантам у мінскіх тэатрах - Купалаўскім і Беларускай драматургіі. 

Алег Вінярскі, акцёр і рэжысёр БелтэлерадыёкампаніІ: "Ён вучыў сваёй асобай, ён вучыў пранікненнем у глыбіню тэкста. Але вучыў лёгка,  свабодна і весела. Першы выхад у эфір у мяне быў якраз звязаны з Ільёй Львовічам Курганам. Ілья Львовіч сядзеў разам са мною ў студыі і дапамагаў мне. І ён, гледзячы мне ў твар, сказаў: ты нават не працягвай руку, я сам уключу мікрафон". 

Развітанне з Ільёй Курганам адбудзецца на сцэне Купалаўскага тэатра ў пятніцу, 23 жніўня, у  11:00.