Вулічнае мастацтва асвойваюць у спальных раёнах Мінска

19 октября 2015

Яркія графіці для беларускай сталіцы, здавалася б, ідэя не новая. Яшчэ летась маштабны фестываль VULICA BRASIL адкрыў акно ў свет стрыт-арту. Сёлета традыцыі працягвае праект URBAN MYTHS. Сем мастакоў-іншаземцаў у розны час распісваюць беларускія жылыя кварталы. У якасці эксперыментальнай пляцоўкі выбралі Кастрычніцкі раён сталіцы. Дарэчы, так званыя райтары працуюць абсалютна законна. Усе маніпуляцыі ўзгодненыя і адобраныя гарадскімі ўладамі. Новае аблічча панэльных будынкаў убачыла і Ніна Мажэйка.

Італьянец Міла націскае кнопку за кнопкай. Для працы над гэтым пано спатрэбіўся пад'ёмнік. Яго арганізатары арандавалі спецыяльна. Райтар, гаворачы на слэнгу вулічнага мастацтва, працуе пэндзлем на доўгай палцы, як сапраўдны мастак. Замест спрэй-фарбы фасадны акрыл, а функцыі палатна выконвае жылы дом на вуліцы Брылеўскай. Працуе нават падчас дажджу.

Mіла, райтар (Італія): "Надвор'е крыху перашкаджае, нават не таму, што халодна, а з-за дажджу. Я вельмі рызыкую зараз, таму што мае намаганні могуць стаць марнымі. Дождж можа пашкодзіць нарыхтоўкі, але я не страчваю аптымізму і гатовы маляваць і далей".

Міла - псеўданім мастака. Вытворнае ад яго другога імя Каміла. Першае не афішуе, хаця гэта і не сакрэт - так прынята ў творчым асяроддзі. Пано з фірменнымі знакамі ад Міла набліжаецца да завяршэння. Мінакі ўжо зважаюць на Гулівера дашкольнага ўзросту ў панэльным квартале. Персанаж тыповы для італьянскіх коміксаў. Дом у разрэзе - асабістая ідэя аўтара.

Лізавета Коўцяк, сакуратар фестывалю URBAN MYTHS: "Не было гатовых эскізаў, бо сутнасць праекта ў тым, што замежныя мастакі прыязджаюць у Мінск і натхняюцца нашай культурай, нашымі гараджанамі і ўжо прыдумляюць усё на месцы".

Алег Ларычаў, сакуратар фестывалю URBAN MYTHS: "Горад становіцца больш цікавы, людзі звяртаюць увагу на тую прастору, дзе яны жывуць. Нават двор самі людзі пачынаюць прыбіраць. Было так, што пасля нашых акцый людзі сталі неяк больш беражліва ставіцца да прасторы вакол сябе".

Прыстаўку "арт" набыў Кастрычніцкі раён Мінска. Дзякуючы гістарычнай платформе. Пункт скрыжавання - вуліца Аэрадромная. Тут адразу двум будынкам падарылі новае аблічча. Казачную тэму беларускіх міфаў аб рацэ Нямізе прадоўжыў украінскі мастак. Беларус з Пінска напісаў сапраўдную хроніку - прысвячэнне будынку аэравакзала Мінск-1.

Замест палатна - фасад будынкаў. Па сутнасці стрыт-арт (або вулічнае мастацтва) мяжуе з манументальным. Кожная работа - культурна-гістарычная каштоўнасць. Бо менавіта гарадскі ландшафт становіцца лейтматывам праекта, а малюнак узмацняе ступень надзённасці.

Манументальна ў мастацтве стваралі яшчэ ў савецкі перыяд. У Мінску такіх дэкаратыўных артэфактаў захавалася вельмі шмат. Беларуская легенда Аляксандр Кішчанка яшчэ ў сямідзясятых рэалізаваў ідэю гіганцкіх пано ў мікрараёне Усход. Металічны барэльеф "Салідарнасць" некалькі дзесяцігоддзяў упрыгожвае будынак Беларускага цэнтра моды.

Наталля Шаранговіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў: "Манументальныя роспісы, якіх дастаткова шмат у горадзе Мінску, - гэта тое, што рабілася сапраўды на вельмі сур'ёзную тэму і на вякі. Стрыт-арт - гэта форма такога вулічнага праекта, у якім удзельнічае ў тым ліку вельмі шмат прафесійных мастакоў".

25 кастрычніка ў Беларусь з іншага кантынента прыляціць наступны мастак. Магчыма, аўстраліец возьмецца за будынак па вуліцы Жукоўскага. Напіша аўстралійскую мару на беларускіх забудовах.