Участак зямлі пад кар'ер вылучылі прама на помніку жалезнага веку ў Вілейскім раёне

16 ноября 2017

У Вілейскім раёне здабыча пяску апынулася важнейшай за археалагічныя аб'екты. Участак зямлі пад кар'ер вылучылі прама на помніку жалезнага веку. Старажытнае жыллё практычна знішчана, а гістарычная навука пазбаўленая сотняў артэфактаў раннякласавай гісторыі чалавецтва. Чаму ігнаруюцца нарматыўна-прававыя акты ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны? У праблеме разбіралася Алена Борматава.

Пясчаныя сляды ды гурбы добра відаць ужо на пад'ездзе да Арпы. Менавіта за паўтара кіламетра ад самой вёскі знаходзіцца гарадзішча жалезнага веку. Старажытнае паселішча нашых продкаў, якія засялялі гэтыя землі на рубяжы старой і новай эр, навукоўцам было вядома яшчэ ў 19 стагоддзі. Больш за тое, археалагічны аб'ект занесены ў раённую кнігу «Памяць». Помнік мясцовага значэння сёння амаль знішчаны.

Здабыча пяску на кар'еры спынена. Рэшткам гарадзішча пакуль нічога не пагражае. І гэта на сёння галоўнае. А далей разбірацца ў сітуацыі - справа кампетэнтных органаў.

Аб правядзенні работ на гарадзішчы жалезнага веку мясцовыя ўлады даведаліся толькі ад супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дробныя фрагменты керамікі знаходзяць літаральна пад нагамі. Бульдозерамі зняты культурны пласт - там, дзе звычайна знаходзяцца ўсе артэфакты. Праведзена выкарчоўка дрэў - усе работы павінны былі праходзіць выключна пад наглядам і з дазволу археолагаў.

Згодна з дзеючым заканадаўствам ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выдзяленне ўчастка для правядзення якіх-небудзь работ немагчыма без археалагічнай экспертызы і без заключэння Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта сусветна вядомая практыка. Тут такога дазволу атрымана не было, і, вядома, археалагічную экспертызу таксама ніхто не праводзіў.

Экспертыза дазваляе не проста захаваць помнікі археалогіі, але і правесці навуковыя мерапрыемствы па вывучэнні артэфактаў. Для навукоўцаў надзвычай важныя дэталі. Не проста сама знаходка, а на якой глыбіні яна залягала, што знаходзілася побач - рэшткі жылля, майстэрні ці гаспадарчыя пабудовы. Проста пошук артэфакта - гэта больш нагадвае калекцыяніраванне. Сёння існуюць два варыянты выратавання аб'екта - кансервацыя альбо дэталёвыя раскопкі.

Канчатковае рашэнне пакуль не прынята. У любым выпадку, археалагічныя раскопкі будуць праводзіцца. Не раней за красавік. Да гэтага моманту работы на кар'еры спынены.