Навучэнцы Акадэміі мастацтваў узнавілі на сцэне эпоху ваеннага ліхалецця

26 марта 2015

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі акадэмічная майстэрня заслужанага артыста Уладзіміра Мішчанчука паставіла спектакль паводле п'есы Аляксея Дударава "Радавыя". На прэм'ерны паказ прыйшлі ветэраны вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, жыхары блакаднага Ленінграда і сам аўтар твора. 

Сярод першых гледачоў і наш карэспандэнт Юлія Лосікава.

На перадпрэм’ерны паказ спектакля “Радавыя” да гледачоў выйшаў выключна студэнцкі склад. Гэта першая дыпломная работа акцёрскага курса Уладзіміра Мішчанчука. Год студэнты рыхтаваліся да прэм’еры ў пакоях акадэміі, а на тэатральныя падмосткі пастаноўку перанеслі за дзве рэпетыцыі.

Першы курсавы спектакль – і адразу тэма, якая баліць кожнаму. Дзея разгортваецца ўвесну 1945 года ў нямецкім гарадку каля Берліна, у самым пекле апошніх баёў. Аднак усе батальныя сцэны рэжысёры пакінулі за кулісамі. Засяродзілі ўвагу на салдацкім жыцці паміж смяротнымі сутычкамі.

Аляксей Дудараў, драматург: "Мы павінны ведаць сваю гісторыю, мы павінны ведаць сваіх герояў. Мы павінны ведаць свой народ. Я заўсёды казаў і буду казаць: ніводны народ такую даніну не заплаціў за перамогу, за Вялікую Перамогу, якую заплаціў наш беларускі народ. Кожны чацвёрты – гэта паэзія. Мне падаецца, кожны першы".

Сваю п’есу “Радавыя” Аляксей Дудараў напісаў у 80-я гады. Тады адзначалі саракавы юбілей Вялікай Перамогі. “Радавыя” прынеслі маладому аўтару ўсесаюзную знакамітасць. Яе ставілі на лепшых пляцоўках. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы разам з Дударавым атрымаў за гэтую пастаноўку Дзяржаўную прэмію СССР.

Гэтая пастаноўка - вынік супрацоўніцтва Акадэміі мастацтваў і Тэатра-студыі кінаакцёра. Салдацкае абмундзіраванне і ваенную атрыбутыку на час спектакля пазычылі ў цэху Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Наступны паказ спектакля адбудзецца ў красавіку. На сцэне да сваіх студэнтаў далучацца і мастацкія кіраўнікі курса: заслужаны артыст Уладзімір Мішчанчук і артыстка Людміла Кучарэнка. А ў рэпертуары тэатра з’явіцца новая пастаноўка.