У самых маленькіх жыхароў Гродна з'явілася магчымасць апынуцца ў тэатральным закуліссі

26 декабря 2015

Падчас экскурсій, якія папярэднічаюць спектаклям, дзецям дазволілі ўбачыць тое, што звычайна застаецца таямніцай для гледача.

Якія яшчэ сюрпрызы падрыхтавалі дарослыя для дзяцей – даведалася наш карэспандэнт Вольга Капковіч. У тэатры лялек перад дзецьмі адкрылі кулісы, а разам з імі і тэатральную таямніцу – юным гродзенцам прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі бутафораў, грымёраў і дэкаратараў.

Менавіта так маленькія гледачы апынуліся за тэатральнымі кулісамі. Для іх – гэта сапраўдная магія. Калі на сцэне пачынаюць іграць тыя лялькі, якія яны некалькі хвілін таму самі трымалі ў руках. Кажуць, такія цуды магчымы толькі на калядныя святы.

Кожны ранішнік у гродзенскіх тэатрах – гэта заўсёды яскравая прэм’ера. А лялечны спектакль "Казка пра бедную сіротку Марушку і 12 месяцаў" атрымаўся настолькі выдатным, што яго вырашылі ўключыць у пастаянны рэпертуар.

У драматычным тэатры навагодні ранішнік па традыцыі пачынаецца з карагода вакол ёлкі. Дзеці абавязкова танцуюць, спяваюць, расказваюць вершы. І запальваюць агенчыкі. Да свят гродзенскія акцёры аднавілі спектакль "Мароз Іванавіч", які ставіўся тут 10 гадоў таму.

Паводле традыцыі, паказ казачных спектакляў для маленькіх беларусаў працягнецца ў студзені ўжо новага 2016 года.