Цырымонія закрыцця "Славянскага базару" прайшла ў Летнім амфітэатры

16 июля 2019

На "Славянскім базары" ў Віцебску прагучалі фінальныя фанфары. Цырымонія закрыцця прайшла ў Летнім амфітэатры напярэдадні. Там жа і аб'явілі імя трыумфатара міжнароднага конкурсу выканаўцаў - Гран-пры едзе ў Казахстан.

Першыя эмоцыі пераможцаў і закуліссе цырымоніі закрыцця ў рэпартажы Лідзіі Заблоцкай.

Інтрыгу, хто ж увойдзе ў топ лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў, захоўвалі да апошніх секунд аб'яўлення вынікаў. І калі спіс фаварытаў быў відавочным, то размеркаванне месцаў заставалася пад пытаннем. Так, у выніковай табліцы адразу шэсць краін. Трэцюю прэмію падзялілі прадстаўнікі Расіі і Украіны. На другім месцы - разам Беларусь і Ізраіль.

Першая бронзавая "Ліра" едзе ў Грузію. А пераможца "Славянскага базару" - казах Адыльхан Макін. Праз чатыры гады ён паўтарыў трыумф Дымаша Кудайбергенава. Сваю "Ліру" ён атрымаў з рук народнай артысткі Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі на цырымоніі закрыцця. Трыумфатару дастаўся і спецпрыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея". Яе ўручыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Гэтым вечарам у Летнім амфітэатры ўспаміналі II Еўрапейскія гульні пад хіты Вольгі Бузавай і Litesound.

Усяго ў канцэрце ўдзельнічалі больш чым тры дзясяткі вядомых артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Швецыі і Італіі. Спецыяльна да "Славянскага базару" Сафія Ратару напісала новы хіт, а Руслан Аляхно і Аляксандра Гайдук праспявалі дуэтам.

У трэк-лісце разнапланавыя песні, але ўсе з асаблівым выкананнем. Госці ўжо не раз падкрэслівалі, што ўсё дзякуючы публіцы і атмасферы "Базару". І хай фінальныя фанфары ўжо прагучалі, развітвацца з фестывалем пакуль рана. Наперадзе ў Віцебска яшчэ трохі музычнага нон-стопу.

Усяго за 8 дзён Летні амфітэатр аб'яднаў 42 краіны. "Славянскаму базару" няма межаў. І дзякуючы кожнаму артысту тут была максімальная канцэнтрацыя творчасці і шчырасці. Днём і ноччу. На рэпетыцыях і канцэртах. Яны даказалі, што мастацтва аб'ядноўвае. І яно па-за палітыкай.