Цырымонія адкрыцця кінафестывалю "Лістапад" пройдзе 17 лістапада

14 ноября 2023

Больш за 2 тысячы заявак са 107 краін свету. Дзясяткі фільмаў у конкурснай і пазаконкурснай праграме. А яшчэ ўзрушаючая геаграфія. Сёлета пад вокладку "лістападнага" кінаальманаха трапілі нават працы з Намібіі, Трынідада і Табага, Азіі. Кінафорум стартуе ўжо ў гэтую пятніцу.

Напярэдадні вялікага марафона арганізатары, а таксама дырэкцыя фестывалю сабралі прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі фільм цырымоніі адкрыцця. Стартуем з кінадэбюта ў поўным метры рэжысёра маладзёжнай студыі кіно "Смолка" пры Беларусьфільме Кірылы Халецкага. Ён экранізаваў гісторыю маладога чалавека, які марыць зняць сапраўднае кіно. У здымках карціны ўзяў удзел народны артыст Расіі Юрый Стаянаў.

У рамках фестывалю запланаваныя і пазаконкурсныя паказы. Акрамя таго, у сталіцы пройдуць Дні нацыянальнага кіно Расіі, Казахстана, Сірыі і Пакістана, а таксама майстар-класы па вытворчасці і папулярызацыі дакументальнага кіно ад выкладчыкаў УДУК.

"Лістапад" ахопіць усю краіну: каля 80 пунктаў на карце Беларусі далучацца да кінафоруму. Білеты на фестывальныя паказы ўжо ў продажы.