Свой погляд на свет правінцыяла ў тэхніцы пастэлі прапануе Ларыса Журавовіч

11 октября 2016

Не з чыстага ліста, а з квадрата Малевіча, і замест белага - чорны. Свой погляд на свет правінцыяла ў тэхніцы пастэлі прапануе Ларыса Журавовіч. Каля 50-ці графічных лістоў мастачкі выстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Расказвае Іна Пілевіч.

Не з чыстага ліста, а з квадрата Малевіча. Замест традыцыйнага белага - чорны колер - у аснове графічных твораў Ларысы Журавовіч. Змрочны базіс усяго за некалькі тыдняў ператварае ў маляўнічы партрэт, краявід або нацюрморт.

Ларыса Журавовіч, мастачка: "Чорны - гэта, можа быць, такая кропка адліку, ад якой можна дадаць вельмі шмат святла. Вось сам працэс ператварэння чорнага ў белае прыносіць мне радасць і задавальненне".

У якасці палатна - кардон. Шархоткая паверхня здольная ўтрымаць маляўнічы парашок. Мастачка працуе ў тэхніцы пастэль. Гэта пісьмо спецыяльнай рознакаляровай крэйдай, якая надае малюнку аксаміцістасць і лёгкасць. У розныя эпохі пастэлі аддавалі перавагу Бушэ, Гюбер, Дэлакруа. Хай-такі капрызнай, недаўгавечнай, але ўсё-такі лірычнай. Бо ёй можна перадаць атмасферу не заўсёды падуладную алею.

Слова "пастэль" паходзіць ад італьянскага pasta, што ў перакладзе азначае "цеста". Усё таму, што матэрыял для пісьма ў прамым сэнсе замешваюць з пігментаў, мелу і рэчываў, якія звязваюць. Да застывання мяккія каляровыя палачкі і выглядаюць як цеста.

У настаўніках - народныя мастакі Беларусі Шаранговіч і Паплаўскі. Яе дыпломная праца ўзяла бронзу на Усесаюзнай выставе. Кар'еры ў сталіцы Ларыса Журавовіч упадабала жыццё ў родных Бялынічах. Майстэрняй стаў уласны драўляны дом.

Марына Мальгіна, загадчык аддела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Як кожнаму мастаку - яму не трэба шукаць сюжэты, ён піша тое, што бачыць вакол сябе. Хто жыве ў Мінску, той піша мінскія наваколлі, людзей. А тут у чалавека свой побыт. Шмат краявідаў, нацюрмортаў".

Прыгажосць сялянскага побыту зафіксаваная ў лірычных сельскіх краявідах, партрэтах мясцовых жыхароў, вясковых нацюрмортах. Дарэчы, для роднага пасёлка Ларыса Журавовіч стварыла флаг і герб - на апошнім змагла геральдычнымі прыёмамі стварыць абраз Бялыніцкай Божай Маці - адной з самых ушанаваных святынь Беларусі.