Найстарэйшаму музею Полацка спаўняецца 90 гадоў

13 декабря 2016

Дакладную дату адкрыцця спецыялісты высветлілі нядаўна. Як і нечаканыя факты пра лютэранскую царкву, дзе і размешчаны краязнаўчы музей. Зараз у яго экспазіцыі больш чым 2 тысячы рэдкіх экспанатаў.

Усе падрабязнасці ў рэпартажы Марыны Раманоўскай.

Вядучы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Славіна Гаўрылава праводзіць экскурсію для гасцей самага старажытнага горада Беларусі. Новую выставу прымеркавалі да 90-годдзя музея. Экспазіцыя прысвечана ганаровым грамадзянам Полацка. Кожны экспанат - частка гісторыі горада на Дзвіне.

26 снежня 1926 года. Аб дакладнай даце адкрыцця музея даведаліся нядаўна. Работа з архіўнымі дакументамі дазволіла вызначыць дагэтуль невядомыя факты пра былую лютэранскую кірху, у якой і размешчана экспазіцыя. Дарэчы, велічны будынак з чырвонай цэглы - адзіны на тэрыторыі Полацкага рэгіёна архітэктурны помнік неаготыкі.

Краязнаўцы расказваюць: у дваццатыя гады мінулага стагоддзя храм закрылі. Пазней тут размясцілі экспазіцыю акруговага краязнаўчага музея. А праз некалькі гадоў былую царкву прыстасавалі пад склад. З цягам часу ў будынку зноў пачалі праводзіць экскурсіі.

Прадметы часоў Полацкага княства, экспанаты, якія дэманструюць побыт сялян ХІХ стагоддзя, рукапісы і дакументы. У краязнаўчым музеі прыкладна 2 тысячы экспанатаў. Многія з іх былі знойдзены падчас археалагічных экспедыцый, шмат прадметаў у фонды перадалі і гараджане.

Гэты старажытны меч - амаль равеснік летапіснага Полацка. Ён быў знойдзены выпадкова на будаўнічай пляцоўцы. Спецыялісты падкрэсліваюць: артэфакт цудам захаваўся. Зараз ён упрыгожвае экспазіцыю музея.

Для супрацоўнікаў музея снежань багаты на розныя праекты. Адна з галоўных падзей - краязнаўчая канферэнцыя. Яе вынікі - гэта новыя імёны і новыя звесткі аб гісторыі старажытнага Полацка.