Скарбы з манастырскага куфара ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

21 марта 2022

Кніжныя скарбы з манастырскага куфара. Традыцыю і тэхналогію стварэння духоўных помнікаў у Год гістарычнай памяці рассакрэчвае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Упершыню ў музеі кнігі экспануюць фрагменты архіва манастырскай друкарні. Гэта надрукаваныя старонкі, але яны не разрэзаны і не бачылі рукі пераплётчыка, прадстаўлены паўнацэнным тыражом. Дзякуючы навуковым даследаванням, дзве кнігі ўжо атрымалася ідэнтыфікаваць. "Статут ордэна брыгітак"  і "Брэвіарый"  больш за два з паловай стагоддзі не пакідалі сцен манастыра. 

Дакументы, якія захавалі гісторыю беларускай кніжнай традыцыі, перададзены Нацыянальнай бібліятэцы на пастаяннае захоўванне. Сёння супрацоўнікі занятыя  навуковым асэнсаваннем знаходкі, у планах  дэталёва прааналізаваць тыраж. Артэфакты будуць выкарыстоўвацца не толькі навукоўцамі - стануць даступныя і для шырокай публікі.