Слуцкія паясы ўжо ў Мінску

29 октября 2014

Шэсць арыгінальных вырабаў Слуцкай мануфактуры, якія з'яўляюцца сёння экспанатамі Нацыянальнага музея Варшавы, прыбылі ў беларускую сталіцу і рыхтуюцца да прэзентацыі, якая пройдзе 4 лістапада.


Выстава арганізаваная ў рамках дзяржаўнай праграмы Слуцкія паясы. Яна прапануе польскія ўзоры кунтушовых паясоў - абавязковых аксэсуараў мужчынскага параднага касцюма шляхты Рэчы Паспалітай.


Міраслава Махуляк, рэстаўратар Нацыянальнага музея ў Варшаве, Польшча: Да нашага часу гэтыя паясы дайшлі ў выдатным стане. Вялікай рэстаўрацыі праводзіць не прыйшлося - прыбралі толькі невялікія плямы, што ўзніклі ў выніку эксплуатацыі паясоў. І ледзь паправілі контур, дзе трошкі выбіліся ніткі.


Нацыянальны музей у Варшаве валодае найбагацейшай калекцыяй слуцкіх паясоў. У Мінску будуць прадэманстраваныя ўзоры, якія належалі старажытнаму шляхецкаму роду Патоцкіх. Гэта сплеценыя са срэбных і залатых нітак шаўковыя паясы даўжынёй тры з паловай - чатыры з паловай метры, убачыць якія ў экспазыцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі можна будзе з лістапада 2014 да красавіка 2015 года.