Скульптурны ансамбль з’явіцца на Заходнім рынку

11 сентября 2015

Экзатычныя жывёлы на пляцоўцы ля Заходняга рынку. Бегемот, жырафа, львяня і чарапаха стануць своеасаблівым падарункам для жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы. Адкрыццё скульптурнага ансамблю адбудзецца заўтра. Адным з першых новы арт-аб’ект убачыў Ян Пашкевіч.

Скульптар Ігар Засімовіч старанна пераносіць вобраз вялікай чарапахі з глінянай копіі на мармур. З дапамогай цыркуля скрупулёзна выразае кожную рысачку на панцыры з дакладнасцю да сантыметра. Далікатная праца патрабуе вытрымкі і часу.

Яшчэ нядаўна будучая скульптура выглядала прыкладна так – вялікі бясформенны валун. Працы занялі амаль два месяцы – яго пілавалі і аббівалі. Сёння ж мастаку засталося толькі адшліфаваць свой шэдэўр.

Побач з чарапахай каля фантана на Заходнім рынку паселяцца жырафа, ільвяня і бегемот. Кожную фігуру збіралі, нібы канструктар - асобна адлівалі тулава, галаву і лапкі, а формы спачатку выраблялі з воску.

Каб пясок трымаў форму, у яго дадаюць смалу. А затым заліваюць метал - расплаўлены да тэмпературы ў тысячу 200 градусаў. Застывае дэталь суткі, пасля чаго пясок аббіваюць малатком.

Месца ля фантана абрана не выпадкова. “Гаспадаром” мінізаапарка будзе дзядзька Антось. Правінцыяльны гандляр ужо два гады стаіць ля Заходняга рынку адзін. З гэтага часу побач з ім будзе вясёлая кампанія.

Заўтра, у дзень горада, “квартэт” афіцыйна прадставяць мінчанам. Скульптуры стануць своеасаблівым падарункам найперш жыхарам Фрунзенскага раёна сталіцы.